2017-07-21 13:05:00

Прадстаўнік Папы закрые Юбілейны год “Portiuncula” ў Асізі


2 жніўня 2017 г. кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін узначаліць св. Імшу ў базыліцы Санта-Марыя-дэлі-Анджэлі ў Асізі, якой завяршыцца 800-гадовы юбілей устанаўлення адпусту “Portiuncula”, або “Асізскага даравання”. Юбілейны год “Portiuncula” быў урачыста адкрыты 2 жніўня 2016 г., а ўжо праз два дні прыватную пілігрымку ў Асізі з гэтай нагоды здзейсніў папа Францішак.

Урачыстасці завяршэння святкавання 800-годдзя “Асізскага даравання” пройдуць з шырокім “ватыканскім” удзелам і распачнуцца 1 жніўня эўхарыстычным набажэнствам. Малітва завяршыцца працэсіяй: з гэтага моманту і да поўначы 2 жніўня поўны адпуст “Portiuncula”, які ў асізскай базыліцы можна атрымаць штодзённа, будзе распаўсюджаны на ўсе францішканскія храмы і парафіяльныя касцёлы ў свеце. Начное чуванне і малітоўную працэсію са свечкамі ўзначаліць сакратар Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, арцыбіскуп Хасэ Радрыгес Карбальё. 2 жніўня чакаецца таксама прыбыццё ў асізскі санктуарый каля тысячы маладых вернікаў ў рамках XXXVII Марша Францішканскага руху пад дэвізам “Крок наперад”. Вечарам пройдзе святочны канцэрт аркестра Ватыканскай жандармерыі.

Назва адпусту “Portiuncula” (лац. маленькая часцінка) паходзіць ад разбуранага касцёла, які ў пачатку ХІІІ ст. Езус загадаў адбудаваць св. Францішку. Падчас прыватнай малітвы ў капліцы “Portiuncula” у ліпені 1216 г. яму аб’явілася Марыя з Езусам і спытала, аб якой ласцы Слуга Божы хацеў бы прасіць для ўсяго чалавецтва. Францішак папрасіў аб ласцы прабачэння пакарання за грахі для тых, хто пасля споведзі і святой Камуніі наведае гэтае месца.

Просьба была выслухана, і ўжо 2 жніўня 1216 г. св. Францішак аб’явіў перад вялікім натоўпам вернікаў рашэнне, атрыманае ад Папы: штогод 2 жніўня ў капліцы “Portiuncula” можна будзе атрымаць поўны адпуст.

Дзякуючы спецыяльнаму дэкрэту Апостальскай Пенітэнцыярыі “Portiuncolae sacrae aedes”, датаванаму 15 ліпеня 1988 г., “Асізскае дараванне” для сябе або памерлага верніка можна атрымаць у Асізі на працягу ўсяго года.








All the contents on this site are copyrighted ©.