2017-07-20 13:36:00

Папскае благаслаўленне для “Yahad – In Unum”


Благаслаўленне і словы падтрымкі членам французскай хрысціянскай арганізацыі “Yahad – In Unum” перадаў ад імя Святога Айца кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. З 2004 г. яна займаецца пошукам і апекай у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе над месцамі пакутніцтва яўрэяў і цыган падчас Другой сусветнай вайны. Гаворка ідзе ў асноўным пра масавыя расстрэлы, здзейненыя нацыстамі ў 1941-1944 гг. ва Украіне, Беларусі, Польшчы і Літве. Заснавальнікам асацыяцыі з’яўляецца французскі святар Патрык Дэбуа.

Францішак выказаў удзячнасць за ініцыятывы, якія “аб’ядноўваюць католікаў і яўрэяў у служэнні агульнай справе”. Ён пажадаў, каб гэта праца дазволіла “цяперашнім і будучым пакаленням імкнуцца да адзінства і міру ў прымірэнні, братэрстве і павазе да адрозненняў”. Святы Айцец заахвоціў членаў “Yahad – In Unum” працягваць змагацца за памяць аб столькіх ахвярах насілля, якія належаць да розных супольнасцяў.

Назва асацыяцыі ўтворана словамі, якія азначаюць “разам” на старажытнаяўрэйскай і латыні. Кс. Патрык Дэбуа заснаваў яе ў якасці рэалізацыі свайго непахіснага намеру, які ўзнік пры наведванні ім ўкраінскага горада Рава-Руська – месца, дзе яго дзед знаходзіўся ў палоне падчас Другой сусветнай вайны. На сваё пытанне аб тым, дзе пахаваныя каля 10 тыс. забітых тут яўрэяў, Дэбуа не атрымаў адказу. Дзякуючы дбайным даследаванням і гутаркам з мясцовымі жыхарамі, яму ўдалося адшукаць у лесе безыменныя магілы тысяч забытых людзей. “Я зразумеў, што іх пакінулі там, як жывёл”, - сказаў Дэбуа. 

З тых часоў “Yahad – In Unum” істотна пашырыла геаграфію сваёй дзейнасці: яе актывістамі выяўлена і зафіксавана больш за 3 тыс. месцаў масавых забойстваў на тэрыторыі цэнтральна- і ўсходнееўрапейскіх краін, што дазволіла сабраць каштоўную інфармацыю для сваякоў ахвяр і спецыялістаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.