2017-07-19 13:50:00

Ватыканскі Дзяржсакратар пра сваё падарожжа ў Расію


Кардынал Пьетра Паралін, бліжэйшы супрацоўнік папы Францішка, рыхтуецца да запланаванай у жніўні паездкі ў Маскву, падчас якой сустрэнецца, у прыватнасці, з Патрыярхам Маскоўскім і ўсяе Русі Кірылам і Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. Дзяржсакратар Яго Святасці Папы падзяліўся гэтым у інтэрв’ю італьянскаму грамадскаму тэлебачанню “RAI”. 

“Я разумею, што гэта падарожжа прыцягне ўвагу грамадскай думкі. Гаворка ідзе пра будаўніцтва мастоў, што ў выпадку Расіі азначае дзейнасць Каталіцкага Касцёла і дыялог з Праваслаўнай Царквой”, - сказаў кардынал, абвясціўшы, што ў Маскве будзе размаўляць таксама пра міжнародныя справы, у тым ліку будзе абмяркоўвацца тэма Блізкага Усходу, Сірыі і Украіны, краіны, якую кіраўнік ватыканскай дыпламатыі наведаў у 2016 г.

Іерарх узгадаў таксама запланаваны на верасень візіт Папы ў Калумбію, “краіну, дзе мір быў адноўлены дзякуючы дыпламатыі Святога Пасаду”. Ён падзяліўся, што папа Францішак хоча ўключыць гэтую дзейнасць “у сусветны кантэкст, дзе ёсць дабро і прыгажосць, але і зло, таму трэба імкнуцца да міру, справядлівасці і развіцця”.

Апошні раз ватыканскі Дзяржсакратар наведваў Расію амаль тры дзесяцігоддзі таму, у 1988 г., калі кардынал Агасціна Казаролі знаходзіўся ў Маскве з нагоды святкавання 1000-годдзя Хрышчэння Русі і быў прыняты Прэзідэнтам СССР Міхаілам Гарбачовым.

Падчас размовы з журналістамі ў чэрвені кардынал Паралін заўважаў, што адносіны паміж Святым Пасадам і Расіяй працягваюцца на розных узроўнях, і жнівеньскія сустрэчы, што пройдуць на самым высокім узроўні, стануць працягам кантактаў, якія падтрымоўваюцца на працягу доўгага часу.








All the contents on this site are copyrighted ©.