2017-07-18 13:45:00

Папа заклікаў пераадолець усе формы расізму і нецярпімасці


“Мы павінны пераадолець усе формы расізму, нецярпімасці і інструменталізацыі чалавечай асобы”, - напісаў 18 ліпеня 2017 г. папа Францішак на сваім акаўнце ў “Twitter”. Допіс ён прымеркаваў да Міжнароднага дня Нэльсана Мандэлы, калі ААН заклікае людзей ва ўсім свеце зрабіць нешта карыснае для іншых і сваёй супольнасці.

Францішак ужо заклікаў углядацца ў прыклад Мандэлы. У сваёй спачувальнай тэлеграме пасля смерці палітыка, памерлага 6 снежня 2013 г., Папа выказаў надзею, што новыя пакаленні слугаў народа паставяць справядлівасць і агульнае дабро ў авангардзе сваіх палітычных памкненняў, так як рабіў гэта Мандэла, і нагадаў пра яго адданасць прынцыпам абароны чалавечай годнасці, а таксама пабудовы краіны на фундаменце “ненасілля, прымірэння і праўды”.

Нэльсан Мандэла быў вядомым праваабаронцам. У 1964 г. за сваю дзейнасць быў несправядліва асуджаны на пажыццёвае зняволенне. Вызвалілі яго толькі ў 1990 г. У 1993 г. яму была ўручана Нобелеўская прэмія міру за ўклад у барацьбу з палітыкай расавай дыскрымінацыі ў Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы. У 1994 г. стаў першым чорнаскурым Прэзідэнтам гэтай краіны.

ААН устанавіла 18 ліпеня Міжнародным днём яшчэ пры жыцці Мандэлы – у лістападзе 2009 г. у знак прызнання ўкладу былога прэзідэнта Паўднёвай Афрыкі ў справу міру і свабоды. У 2015 г. Генеральная Асамблея пастанавіла пашырыць рамкі Дня і выкарыстоўваць яго таксама для садзейнічання забеспячэнню гуманных умоў турэмнага зняволення і для прызнання значнасці працы персаналу пенітэнцыярных устаноў як сацыяльнай службы асаблівай важнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.