2017-07-13 13:27:00

Святы Пасад: святарства – пакорнае прыняцце першынства Бога


Пра ўнутраную свабоду і абсалютную пакору, якіх патрабуе пакліканне да наследавання Хрыста, нагадаў кардынал Беньяміна Стэла, прэфект Кангрэгацыі па справах Духавенства, 12 ліпеня 2017 г. падчас св. Імшы ў базыліцы св. Пятра для ўдзельнікаў курса для выхавальнікаў духоўных семінарый з англамоўных краін. Фармацыйны праект быў арганізаваны вышэй узгаданай ватыканскай структурай.

У сваёй гаміліі іерарх засяродзіўся на трох аспектах – першынстве Бога, ахвяраванні жыцця і здольнасці да акцэптацыі. Кардынал Стэла нагадаў, што стаўленне адносін з Богам вышэй за ўсё іншае было першым патрабаваннем Езуса да сваіх вучняў. Тым самым Ён не імкнуўся “зменшыць каштоўнасць сямейных стасункаў”, не патрабаваў адрачэння ад сваёй тоеснасці. Наадварот, “Ён выкарыстоўвае ў якасці меркі для параўнання адносін з Богам – самай каштоўнай рэчаіснасці нашага жыцця – кроўную і эмацыйную сувязь з нашымі роднымі, каб сказаць, што вера не зводзіцца да знешняга выканання пэўных прадпісанняў ці да практыкавання маральнасці, але з’яўляецца, перш за ўсё, жывымі стасункамі з Панам”, адзначыў прадстаўнік Апостальскай Сталіцы.

“Вы з’яўляецеся нібы братамі, бацькамі семінарыстаў” і таму “закліканы развіваць у іх гэтае першынства Бога”, - звярнуўся кардынал Стэла да выхавальнікаў духоўных семінарый. “Мы маем патрэбу ў святарах, якія нічога не ставяць вышэй за сяброўства з Панам, якія маюць з Ім сувязь “цела і крыві”, здольную зрабіць з іх абсалютных саўдзельнікаў Хрыста, на ўзроўні душы, цела, розуму і сэрца. Трэба, каб сувязь з Богам і служэнне Каталіцкаму Касцёлу ніколі не падпарадкоўваліся іншым сувязям, зацямнёным бязладнымі эмацыйнымі залежнасцямі, пошукам улады ці кар’еры або логікай, якая супярэчыць Евангеллю”, - сказаў пурпурат.

Прызнанне першынства Бога ў жыцці вядзе, у сваю чаргу, да наследавання Яго паводзін, а гэта значыць, да пакорлівага прыняцця штодзённага Крыжа і ахвяравання ўласнага жыцця на карысць іншым. Адсюль неабходнасць выхоўваць у святарах “прагу абвяшчаць Евангелле і прысвячаць сябе людзям”, каб не былі абыякавымі да людскога болю, каб умелі бескарысліва ахвяраваць сябе бліжнім, “пазначаючы братоў алеем суцяшэння і надзеі”, працягнуў кардынал Стэла.

Нарэшце, стыль узаемнай акцэптацыі, па словах іерарха, ляжыць у аснове фармацыйнага працэсу семінарыстаў і павінен уплятацца ў паўсядзённыя стасункі, быць адметнасцю духоўных семінарый. Гэта дапаможа ўзмацніць у іх навучэнцах “мадэль пастыра, здольнага да прыняцця ўсіх, які мае інклюзіўнае сэрца, на ўзор Езуса Хрыста”, заключыў кардынал Стэла.








All the contents on this site are copyrighted ©.