2017-07-13 15:14:00

Святы Пасад прымае ўдзел у міжнароднай экалагічнай дыскусіі


Доступ да пітной вады, якасць паветра, перапрацоўка адходаў – цэнтральныя тэмы трохдзённага Міжнароднага кангрэса “Laudato si’ і буйныя гарады”, які распачаўся 13 ліпеня 2017 г. у бразільскім Рыа-дэ-Жанэйра. Форум адкрыў кардынал Пітэр Тарксан, прэфект ватыканскай Дыкастэрыі па служэннi iнтэгральнаму развіццю чалавека. 

Мерапрыемства сабрала разам вучоных, экспертаў і рэлігійных асоб з усяго свету. Яго галоўная мэта – надаць практычны характар зместу “экалагічнай” энцыклікі папы Францішка “Laudato si’” і ўзмацніць этычны аспект у пошуку рашэння праблемы кліматычных змен.

У рамках кангрэса запланаваны тры круглыя сталы, у адным з якіх прымуць удзел мэры буйных гарадоў, каб на канкрэтных прыкладах праілюстраваць магчымыя метады супрацьстаяння экалагічным выклікам. Другое сумеснае пасяджэнне будзе прысвечана патэнцыялу, якім валодаюць рэлігійныя лідэры ў справе гуманізацыі насельніцтва мегаполісаў. Трэці круглы стол зарэзерваваны для абмеркавання сумесна з рэктарамі вядучых універсітэтаў свету магчымых спосабаў станоўчага ўнёску прадстаўнікоў навуковай сферы ў вырашэнне экалагічнага пытання.

Чакаецца, што папа Францішак скіруе адмысловы зварот да ўдзельнікаў форуму.

Арганізатарамі Міжнароднага кангрэса “Laudato si’ і буйныя гарады” выступіў барселонскі Фонд “Антоніа Гаудзі для буйных гарадоў” у супрацоўніцтве з архідыяцэзіяй Рыа-дэ-Жанэйра.








All the contents on this site are copyrighted ©.