2017-07-13 13:51:00

Кардынал пасмяротна стаў “Праведнікам народаў свету”


Італьянскі кардынал Пьетра Боэта, арцыбіскуп Генуі ў 1938-1946 гадах пасмяротна быў абвешчаны “Праведнікам народаў свету” Нацыянальным  інстытутам памяці пакутнікаў і герояў Халакоста Яд ва-Шэм у Іерусаліме.

Як паведаміў штотыднёвік Генуэзскай дыяцэзіі “Il Cittadino”, рашэнне з’яўляецца данінай памяці іерарху, які быў цвёрдым праціўнікам фашызму і нацызму. У якасці арцыбіскупа Генуі ён дапамог многім яўрэям збегчы ў Амерыку і Палестыну, аплачваючы іх выдаткі. Акрамя таго, адчыніў дзверы сваёй курыі і дыяцэзіяльнай семінарыі для тых, каго пераследавалі. За сваю ролю падчас нямецкай акупацыі ён атрымаў ад уладаў Генуі тытул „Defensor civitatis”, палітычныя колы называлі яго “Кардыналам свабоды”, а свет працы – “Кардыналам рабочых”.

Кардынальскі берэт Пьетра Боэта атрымаў у снежні 1935 г., а праз тры гады быў прызначаны арцыбіскупам Генуі. Удзельнічаў у канклаве 1939 г., на якім абралі Пія XII. Іерарх памёр ад сардэчнага прыступу 31 студзеня 1946 г. і быў пахаваны ў крыпце архікатэдральнага касцёла ў Генуі.








All the contents on this site are copyrighted ©.