2017-07-11 11:21:00

Юбілей “Summorum Pontificum” Бэнэдыкта XVI


Папскі дакумент “Summorum Pontificum” стаў не толькі прымірэнчым жэстам павагі да лефэбрыстаў, але прывёў да суіснавання ў рамках Касцёла абедзвюх форм рымскага абраду. Пра гэта нагадаў у 10-ю гадавіну выдання “motu proprio” сакратар Папскай камісіі “Ecclessia Dei”, адказнай за дыялог з Брацтвам св. Пія Х і за пытанні, звязаныя з ужываннем перадсаборнай літургіі. Ва ўзгаданым дакуменце, выданым 7 ліпеня 2007 г., Бэнэдыкт XVI дазволіў яе ўсеагульнае практыкаванне.

Арцыбіскуп Гвіда Поца адзначыў, што мэтай Пантыфіка не была ўніфікацыя літургіі. Ён нагадаў, што “старая” літургія ніколі не была адклікана Саборам. Прапанаванае Папам суіснаваннем абедзвюх форм і іх “паяднанне” моцна грунтуецца на гісторыі Касцёла, дзе заўсёды існавала разнастайнасць абрадаў, у тым ліку рымскага.

Па словах ватыканскага іерарха, апошнія дзесяць гадоў Касцёл больш усвядоміў гэта багацце, чаму паспрыяў дакумент “Summorum Pontificum”. Іншым станоўчым вынікам з’яўляецца паслабленне ўзаемнага недаверу паміж супольнасцямі, прывязанымі да розных форм рымскага абраду. Большая частка вернікаў, якія карыстаюцца перадсаборнай формай літургіі знаходзяцца ў Францыі і ў Злучаных Штатах. Станоўчым сюрпрызам з’яўляецца зацікаўленасць “старой” літургіяй на Далёкім Усходзе і ва Усходняй Еўропе, заўважыў сакратар ватыканскай камісіі.

Ён прызнаў, што ў некаторых дыяцэзіях рэалізацыя папскіх палажэнняў сутыкнулася з некаторымі праблемамі ў выніку недастатковай колькасці святароў, якія маглі б цэлебраваць св. Імшу ў экстраардынарнай форме рымскага абраду, а часам па прычыне забабонаў ідэалагічнай або душпастырскай прыроды. З іншага боку, некаторыя біскупы абвінавачваюць вернікаў, якія наведваюць такія набажэнствы, у тым, што яны не ўдзельнічаюць у жыцці мясцовага Касцёла.

Арцыбіскуп Поца таксама адзначыў праблемы, звязаныя з дрэнным веданнем латыні сучаснымі святарамі. Ён прапанаваў, вывучаць гэтую мову ў духоўных семінарыях не толькі ў пачатку, але і на працягу ўсяго курса філасофіі і тэалогіі. “Давайце не будзем забывацца пра тое, што латынь застаецца афіцыйнай мовай Касцёла. Святары павінны ведаць і любіць гэтую мову”, - лічыць сакратар Папскай камісіі “Ecclesia Dei”.








All the contents on this site are copyrighted ©.