2017-07-11 14:28:00

Святы Пасад скептычна аб “электроннай асобе”


“Штучны інтэлект: этычны выклік?” – так гучала тэма канферэнцыі з удзелам філосафаў, навукоўцаў і выкладчыкаў з усяго свету, арганізаваная Папскай радай па культуры, якая адбылася 6 ліпеня 2017 г. у Пасольстве Італіі пры Святым Пасадзе.

Заўсёды ёсць схаваная рызыка, што тэхналогіі застануцца абсалютна непадкантрольнымі, адзначыў кардынал Джанфранка Равазі, старшыня ўзгаданай ватыканскай структуры, падчас свайго выступлення. Па яго словах, сапраўдны вучоны ніколі не застаецца толькі тэхнікам, які працуе з прыборамі, даючы ім волю функцыянаваць самастойна. Вучоны бярэ пад увагу ўсе складнікі, кантэкст, у якім дзейнічае. “Вось чаму важна, каб аб’ектыўна прысутная рызыка знаходзілася пад пастаянным кантролем іншых дысцыплін”, - сказаў іерарх. Ён нагадаў, што штучны інтэлект, як і любыя іншыя вынаходніцтвы, маюць чалавечае паходжанне. Таму нельга дапускаць яго “сляпое і вольнае” развіццё – чалавечы розум можа рабіць высновы і спыняць тэхніку, калі гэта неабходна, сказаў кардынал Равазі.

Іерарх выказаў свой скептыцызм адносна прапанаванага Еўрапарламентам паняцця “электроннай асобы” або “інфармацыйнай асобы” у кантэксце дыскусіі адносна неабходнасці надаць статус суб’екта правоў і абавязкаў адзінкам робататэхнікі. “На самой справе, гаворка не ідзе пра асобу: свядомасць усё яшчэ застаецца вялікім набыткам той самай крыніцы, пра якую я казаў, - розуму, думкі і асобы чалавека”, - падкрэсліў ватыканскі прадстаўнік.

У сваю чаргу, дацэнт нейра- і тэхнаэтыкі Папскага Грыгарыянскага ўніверсітэта ў Рыме, кс. Паола Бенанцы пракаментаваў сцэнар навукоўцаў, адносна якога рэчаіснасць развіваецца ў накірунку гіпернасычанасці сувязямі, сеткі, у якой чалавек вымушаны аспрэчваць сваё першынства як адзінага розуму з тэхналогіямі. На думку эксперта, апошнія, несумненна, будуць шырока прысутныя ў жыцці чалавека – праблема не ў гэтым, але ў тым, каб забяспечыць іх сімбіёз, а не спаборніцтва, іншымі словамі, зрабіць так, каб, дзякуючы выкарыстанню тэхналогій, чалавек мог удасканальваць і паляпшаць грамадства.

Кс. Бенанцы адзначыў супярэчлівасць працэсу тэхналагізацыі сучаснага жыцця. З аднаго боку, ён дазваляе, напрыклад, вынаходзіць спосабы лячэння хваробаў, дагэтуль невылечных, а з іншага, пагражае памяншэннем колькасці працоўных месцаў і павелічэннем разрыву паміж беднымі і багатымі слаямі насельніцтва. Менавіта таму штучны інтэлект павінен кіравацца чалавечым. Забеспячэнне функцыянавання тэхналогій згодна з этычнымі прынцыпамі застаецца пад адказнасцю чалавека, выказалі перакананне ўдзельнікі канферэнцыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.