2017-07-10 13:19:00

Германія: біскупы супраць “аднаполых шлюбных саюзаў”


Нямецкія біскупы выступаюць супраць так званых “аднаполых шлюбных саюзаў”. Арцыбіскуп Хайнер Кох, старшыня камісіі па пытаннях сужэнства і сям'і нагадаў у інтэрв'ю берлінскаму тэлебачанню “RBB” рашучую пазіцыю епіскапата краіны па гэтым пытанні. На думку іерарха прызнанне аднаполых шлюбных саюзаў было б “спыненнем доўгай традыцыі” і якасным штуршком іх падмены.  

Арцыбіскуп Кох сказаў, што нямецкія біскупы ўспрымаюць шлюб як саюз паміж мужчынам і жанчынай, заключаны на ўсё жыццё і які адкрыты на перадачу патомства. Гэта “цалкам адпавядае бачанню шлюбнага саюза, якое мелі аўтары нямецкай канстытуцыі”. Трывалая сувязь, заключаная на вернасці паміж мужчынам і жанчынай, з'яўляецца “каштоўнаю прастораю для выхавання дзяцей”, лічаць нямецкія іерархі. Паводле іх, абарона сужэнства знайшла свой запіс у Канстытуцыі краіны менавіта з-за важнасці гэтай формы жыцця грамадства.

Арцыбіскуп Кох падкрэсліў, што адрозненне паміж шлюбным саюзам і аднаполымі саюзамі не з'яўляецца выразам гомафабіі, але ўказаннем разнастайнасці нормаў жыцця.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.