2017-07-07 14:59:00

Святы Айцец ухваліў дэкрэты аб мучаніцтве і гераічнасці цнотаў


У Касцёле будуць абвешчаны новыя святыя і благаслаўлёныя. 7 ліпеня 2017 г. папа Францішак прыняў на аўдыенцыі прэфекта Кангрэгацыі па справах Кананізацыі, кардынала Анджэла Амата і ўхваліў дэкрэты аб зацвярджэнні цуду, мучаніцкай смерці і гераічнасці цнотаў кандыдатаў да хвалы алтароў. 

Першы дэкрэт тычыцца прызнання цуду, здзейсненага праз заступніцтва польскай свецкай верніцы Анны Хшаноўскай, якая памёрла ў Кракаве ў 1973 г.

Дзвума наступнымі дэкрэтамі прызнаецца мучаніцтва калумбійскіх Слугаў Божых: Хэсуса Эміліа Хараміліа Мансальвэ, біскупа Араука, які загінуў у 1989 г. з нянавісці да веры, і дыяцэзіяльнага святара Пэдра Марыа Рамірэса Рамаса, таксама забітага з нянавісці да веры ў 1948 г.

Ухваленыя Святым Айцом дэкрэты аб прызнанні гераічнасці цнотаў тычацца: калумбійскага арцыбіскупа Ісмаэля Пэрдома; польскага свецкага верніка Алаіза Касібы; іспанскай законніцы Паолы Жыль Кана, заснавальніцы кангрэгацыі Сясцёр Францішканак ад Беззаганнага Зачацця; італьянскай законніцы Марыі Элізабэты Маца, заснавальніцы Інстытута Сясцёр Меншых Апосталак Хрысціянскай Школы, і італьянскай законніцы Марыі Гаргані, заснавальніцы кангрэгацыі Апосталак Найсвяцейшага Сэрца.








All the contents on this site are copyrighted ©.