2017-07-07 13:22:00

Папа: нашая грахоўнасць – гэта магчымасць сустрэцца з Езусам


Езус дае суцяшэнне тым, хто ўсведамляе сваю грахоўнасць, сказаў Папа 7 ліпеня 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы для супрацоўнікаў прамысловых структур Ватыкана.

У прачытаным фрагменце з Евангелля (Мц 9, 9-13) Езус кліча Мацвея, мытніка, ісці за Ім. Хрыстус запрашае да супрацоўніцтва рымскага сборшчыка падаткаў, які клаў частку атрыманых грошаў у сваю кішэнь, падкрэсліў Пантыфік. Мытнікі, патлумачыў ён, былі ненавіснымі, лічыліся “здраднікамі радзімы”, але “Езус абраў апостала сярод такіх людзей, найгоршых”.

Святы Айцец запрасіў паразважаць над словамі Езуса “Я не прыйшоў клікаць праведнікаў, але грэшнікаў” (Мц 9, 13), прамоўленымі ў адказ на крытыку фарысеяў, якія абвінавацілі Сына Божага ў тым, што Ён абедае разам з мытнікамі. “Мяне гэта вельмі суцяшае, - прызнаўся Францішак, - бо я ўяўляю, што Езус прыйшоў і дзеля мяне. Бо ўсе з’яўляемся грэшнікамі”. Казаць пра сябе “Я не грэшнік” маглі толькі фарысеі, бо былі ганарыстымі, пыхлівымі, лічылі сябе вышэйшымі за іншых, працягнуў Папа. “Аднак, насамрэч, мы ўсе грэшныя, і гэта наша магчымасць прыцягнуць да сябе Езуса”, - сказаў ён. Езус заўсёды прабачае, гэта Ён дапамагае ўзняцца пасля кожнага нашага чарговага падзення, Ён аздараўляе, суцяшае, дае моц і робіць шчаслівымі, запэўніў Святы Айцец.

Пантыфік узгадаў асобу св. Ераніма, які меў складаны характар, аднак змог саўладаць са сваімі недахопамі і штодня ахвяроўваць Пану сваю працу і жыццё, звяртаючыся ў малітвах да Бога з адным пытаннем: “Што я магу яшчэ Табе даць?”. Нарэшце, аднаго дня ён пачуў адказ: “Дай мне твае грахі, твае слабасці, Я вылечу іх, а ты ідзі наперад”.

Францішак запрасіў да разважання над таямніцай Міласэрнага Сэрца Езуса і заклікаў чэрпаць радасць з усведамлення таго, што Сын Божы “прабачае ўсё, прабачае заўжды”.








All the contents on this site are copyrighted ©.