2017-07-07 12:57:00

Пантыфік прызначыў новага Мітрапаліта Міланскай архідыяцэзіі


Святы Айцец прыняў прашэнне аб адстаўцы з пасады кіраўніка Міланскай архідыяцэзіі кардынала Анджэла Скола, які выконваў гэтую паслугу з 2014 г. Аб гэтым паведаміла 7 ліпеня 2017 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Новым арцыбіскупам адной з найбуйнейшых архідыяцэзій Італіі, згодна з рашэннем Пантыфіка, прызначаны Марыа Энрыка Дэльпіні, да гэтага часу яе дапаможны біскуп.

Новы Мітрапаліт Мілана нарадзіўся 29 ліпеня 1951 г. у горадзе Галаратэ на поўначы Італіі. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 7 чэрвеня 1975 г. і быў накіраваны на служэнне ў Міланскую архідыяцэзію. Скончыў філалагічны факультэт Каталіцкага ўніверсітэта Найсвяцейшага Сэрца ў Мілане, атрымаў тэалагічную адукацыю ў рымскім Патрыстычным інстытуце “Аўгусцініянум”.

З 1975 г. па 1987 г. кс. Марыа Энрыка Дэльпіні працаваў выкладчыкам старажытнай літаратуры ў духоўнай семінарыі ў горадзе Венэгона. У перыяд з 1989 г. па 2000 г. быў яе рэктарам. Наступныя шэсць гадоў выконваў функцыі дарадчыка Рады біскупаў Міланскай архідыяцэзіі.

13 ліпеня 2007 г. быў прызначаны дапаможным біскупам Міланскай архідыяцэзіі, а 23 верасня таго ж года атрымаў біскупскую сакру. З 2012 г. з’яўляецца Генеральным вікарыем Міланскай архідыяцэзіі, сакратаром Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Ламбардзіі і сакратаром мясцовай Біскупскай камісіі па справах Духавенства і Інстытутаў кансэкраванага жыцця.








All the contents on this site are copyrighted ©.