2017-07-06 14:00:00

Памёр шматгадовы прэс-сакратар Яна Паўла II


Увечары 5 ліпеня 2017 г. у Рыме ў 80-гадовым узросце памёр Хаакін Навара-Вальс, кіраўнік Залы Друку Апостальскай Сталіцы ў перыяд пантыфікату Яна Паўла II, які і запрасіў іспанскага журналіста на гэтую пасаду ў 1984 г. Аб смерці легендарнага вытыканскага супрацоўніка паведаміў цяперашні прэс-сакратар Святога Пасаду Грэг Бёрк.

Хаакін Навара-Вальс нарадзіўся 16 лістапада 1933 г. у іспанскай Картахене. Атрымаў медыцынскую адукацыю ва ўніверсітэтах Гранады і Барселоны, у 1961 г. абараніў доктарскую дысертацыю па псіхіятрыі і распачаў прафесійную медыцынскую практыку. Адначасова паступіў на журналісцкі факультэт Наварскага ўніверсітэта, які закончыў у 1970 г. З гэтага часу пачалася яго журналісцкая кар’ера. Дзякуючы выдатным здольнасцям, ужо ў 1983 г. ён быў абраны старшынёй Асацыяцыі замежнай прэсы ў Італіі, а на наступны год, па запрашэнні папы Яна Паўла II, узначаліў Залу Друку Апостальскай Сталіцы і стаў адным з найбліжэйшых супрацоўнікаў Пантыфіка, спадарожнікам ва ўсіх яго замежных паездках, “голасам” Святога Айца ў медыйнай прасторы. Навара-Вальс быў членам ордэну “Opus Dei” і з 1996 г. выкладаў у Папскім універсітэце Святога Крыжа, прыналежным да гэтай арганізацыі.

Пасля смерці Яна Паўла II у 2005 г. Навара-Вальс яшчэ год спаўняў абавязкі кіраўніка Залы Друку Апостальскай Сталіцы, а ў 2007 г. папа Бэнэдыкт XVI прыняў яго адстаўку і зацвердзіў у якасці яго пераемніка кс. Федэрыка Ламбардзі.

Па словах святара, які выконваў функцыі прэс-сакратара Ватыкана на працягу наступных дзесяці гадоў, а сёння ўзначальвае адміністрацыйную раду “Ватыканскага фонду Ёзэфа Ратцынгера – Бэнэдыкта XVI”, “розум, далікатнасць і камунікацыйныя здольнасці” Навара-Вальса былі “выдатнымі”. “Да гэтага трэба дадаць выключнае валоданне мовай і сапраўдную геніяльнасць у манеры падачы навін і інфармацыі ў яскравай форме, прывабнай і лаканічнай”, - падкрэсліў кс. Ламбардзі. За час сваёй паслугі ён стаў сапраўды блізкім для Папы, настолькі, што можа справядліва лічыцца адной з найважнейшых фігур таго надзвычайнага пантыфікату, дадаў езуіт.

У сваю чаргу, кардынал Станіслаў Дзівіш, асабісты сакратар папы Яна Паўла II з 1978 г. па 2005 г., узгадаў, што “Хаакін Навара-Вальс быў чалавекам надзейнасці і веры, з якім Пантыфік абмяркоўваў шмат важных для Каталіцкага Касцёла і свету пытанняў”. Па яго словах, спачылы быў “блізкім, адданым і кампетэнтным супрацоўнікам польскага Папы”.

За медыя-падтрымку пантыфікату Яна Паўла II Навара-Вальс быў адзначаны шматлікімі журналісцкімі ўзнагародамі ў Італіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.