2017-07-04 13:31:00

Папа ахвяраваў сродкі для пацярпелых ад землятрусу ў Грэцыі


Папа Францішак ахвяраў 50 тыс. еўра на дапамогу ахвярам землятрусу, які адбыўся 12 чэрвеня 2017 г. на поўдні грэчаскага вострава Лесбас. Аб гэтым паведаміла Апостальская нунцыятура ў Грэцыі.

Сакратар нунцыятуры кс. Масіма Катэрын, каментуючы рашэнне Пантыфіка, сказаў, што “гэта нечаканае ахвяраванне, канкрэтны жэст блізкасці і прыязнасці Францішка да народа, закранутага моцным землятрусам”. Па яго словах, рэакцыя Святога Айца паследавала адразу пасля таго, як Апостальскі адміністратар дыяцэзіі Хіоса, арцыбіскуп Нікалас Прынтэзіс, звярнуўся ў нунцыятуру з просьбай праінфармаваць Папу аб сітуацыі на востраве.

Выдзеленыя сродкі будуць накіраваны, у першую чаргу, на адбудову праваслаўнай вёскі Врыса, якую ўсяго за тры дні да драматычнага здарэння наведваў арцыбіскуп Афін і усяе Грэцыі Іеранім II і якая цяпер літаральна зраўняна з зямлёй. У выніку землятрусу, які ацэньваецца ў 6,3 балы, пад абломкамі разбураных будынкаў вёскі загінула 43-гадовая жанчына.

“Ахвяраванне Папы мае вялікую каштоўнасць у тым ліку і з экуменічнага пункту гледжання: з гэтых сродкаў скарыстаецца пераважна праваслаўны народ”, - адзначыў кс. Масіма Катэрын. Ён дадаў, што католікаў на востраве Лесбас усяго каля 50 чалавек.

“У наступны аўторак разам з арцыбіскупам Нікаласам мы наведаем Врысу, дзе сустрэнемся з мясцовымі ўладамі. Там і вырашым, як канкрэтна размеркаваць грошы, атрыманыя ад Святога Айца. На востраве Лесбас Папа карыстаецца аўтарытэтам і вялікай любоўю, бо ён ведае, што надзвычайная сітуацыя, выкліканая сейсмічнай актыўнасцю, дадаецца да праблем, звязаных з пытаннем бежанцаў”, - сказаў прадстаўнік Апостальскай нунцыятуры ў Грэцыі.

Дарэчы, 16 красавіка 2016 г. папа Францішак здзейсніў афіцыйны візіт на грэчаскі востраў Лесбас. Падчас паездкі ён сустрэўся з бежанцамі, пасля чаго заявіў, што сучасны міграцыйны рух з’яўляецца “самай вялікай гуманітарнай катастрофай пасля Другой сусветнай вайны”.








All the contents on this site are copyrighted ©.