2017-07-02 12:22:00

Пантыфік заклікаў да міру і дэмакратыі ў Венесуэле


Вырашыць крызіс у Венесуэле мірным і дэмакратычным шляхам, заклікаў папа Францішак 2 ліпеня 2017 г. падчас сваёй сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі”. Ён нагадаў, што праз некалькі дзён, 5 ліпеня, краіна будзе адзначаць свой Дзень незалежнасці. 

“Я запэўніваю ў маёй малітве за гэты дарагі народ і выказваю сваю блізкасць да сем’яў, якія страцілі сваіх дзяцей падчас дэманстрацый. Заклікаю да спынення насілля і пошуку мірнага і дэмакратычнага рашэння крызісу. Маці Божая Карамотская няхай апякуецца Венесуэлай!”, - звярнуўся Пантыфік.

Гэта не першыя яго заклік, звязаны з сітуацыяй у Венесуэле, у апошні час. У краіне працягваецца супрацьстаянне паміж апазіцыяй і кіруючымі сацыялістамі. Вынікам напружанай сітуацыі стаў недахоп ежы, вады, медыкаментаў. Урад адмаўляецца прызнаваць сітуацыю надзвычайнай і забараняе ўвоз гуманітарнай дапамогі ў краіну.

Апрача таго ў Венесуэле працягваюцца беспарадкі, выкліканыя рашэннем Вярхоўнага суда краіны спыніць паўнамоцтвы Нацыянальнай асамблеі, у якой сфарміравалася апазіцыйная да ўраду большасць. У ходзе сутыкненняў дэманстрантаў з паліцыяй загінулі некалькі дзесяткаў чалавек, некалькі соцень атрымалі раненні, сотні былі затрыманыя.








All the contents on this site are copyrighted ©.