2017-07-01 12:54:00

Папа прызначыў новага прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння


Францішак прызначыў новага прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння. Святы Айцец падзякаваў яго эмінэнцыі кардыналу Герхарду Людвігу Мюлеру, які завяршыў свой пяцігадовы тэрмін у якасці прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, а таксама старшыні Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, Папскай біблійнай камісіі і Міжнароднай тэалагічнай камісіі. Пантыфік прызначыў яго пераемнікам арцыбіскупа Луіса Франсіска Ладарыя Фэрэра, які да гэтага часу з’яўляўся сакратаром Кангрэгацыі Веравучэння.

Кардынал Мюлер займаў высокую пасаду з 2 ліпеня 2012 г. Бэнэдыкт XVI прызначыў тады 64-гадовага арцыбіскупа Рэгенсбурга замест 76-гадовага амерыканскага кардынала Вільяма Лявады, які выйшаў на пенсію пасля 7-мі гадоў кіравання Кангрэгацыяй.

Нямецкі кардынал быў шматразова ўдастоены ступені ганаровага доктара ў многіх краінах. Апублікаваў больш за 400 кніг і артыкулаў. Яго найважнейшая праца – “Каталіцкая дагматычная тэалогія” – неаднаразова перавыдавалася і была перакладзеная на шматлікія мовы свету. Ён браў удзел у тэалагічным дыялогу з Рускай Праваслаўнай Царквой. Пра яго вялікія заслугі ў гэтым дыялогу згадваў Маскоўскі Патрыярхат у сувязі з яго прызначэннем на пасаду прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння.

Арцыбіскуп Луіс Франсіска Ладарыя Фэрэр, іспанец, член Ордэна езуітаў. Сакратаром Кангрэгацыі Веравучэння і, па сутнасці, другой вышэйшай службовай асобай у дыкастэрыі, ён быў з 9 ліпеня 2008 г. 

Прэфект Кангрэгацыі Веравучэння адначасова з’яўляецца старшынёй Папскай біблійнай камісіі, Папскай камісіі “Ecclesia Dei”, якая займаецца дыялогам з лефебрыстамі, і Міжнароднай тэалагічнай камісіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.