2017-07-01 15:48:00

Кіраўнік Ватыканскага выдавецтва сышоў у адстаўку


Дырэктар Ватыканскага выдавецтва кс. Джузэпэ Коста 30 чэрвеня 2017 г. завяршыў сваё 10-гадовае служэнне на пасадзе кіраўніка Ватыканскага выдавецтва. Аб заканчэнні свайго мандата, ужо другога па ліку, 71-гадовы салезіянін, “выдавец Папы” і адказны за пытанне аўтарскіх правоў на творы Пантыфікаў, паведаміў у адмысловым развітальным лісце да калег-журналістаў.

“Хачу выказаць вам удзячнасць, шчырую і братэрскую, за прафесійны ўнёсак, які вы зрабілі для развіцця выдавецтва і распраўсюджання яго кніг”, - напісаў святар. Па яго словах, тое, што сёння Ватыканскае выдавецтва з’яўляецца ўстановай, брэнд якой мае шырокае міжнароднае прызнанне, стала магчымым, у тым ліку, дзякуючы ўважлівасці і прафесіяналізму яго супрацоўнікаў.

Папа Францішак скіраваў святару персанальны ліст са словамі ўдзячнасці за плённую працу і спрыянне распаўсюджанню культуры і вучэння Каталіцкага Касцёла і прыняў салезіяніна на аўдыенцыі.

Адмысловая развітальная цырымонія адбылася і ў памяшканні Ватыканскага выдавецтва. Падзякаваць ужо былому кіраўніку за плён шматгадовай працы прыйшлі субстытут Апостальскай Сталіцы, арцыбіскуп Анджэла Бэчу, і прэфект Сакратарыяту па справах камунікацыі, кс. Дарыа Вігано.

Падчас сустрэчы было адзначана, што пад кіраўніцтвам кс. Джузэпэ Коста, нястомнага прамоўтара папскіх твораў і іншых ватыканскіх дакументаў на міжнароднай прасторы і на буйных кніжных выставах, Ватыканскае выдавецтва дасягнула значных поспехаў, у тым ліку, і ў пытанні тыражу, асабліва на кнігі і энцыклікі Папы на пенсіі Бэнэдыкта XVI і Святога Айца Францішка.








All the contents on this site are copyrighted ©.