2017-07-01 14:39:00

Ватыкан прэзентаваў фільм пра Юбілеі ў Каталіцкім Касцёле


Дакументальны фільм “Юбілеі. Шлях прабачэння”, прысвечаны маштабным юбілейным ініцыятывам Каталіцкага Касцёла, быў прадстаўлены 30 чэрвеня 2017 г. у Ватыканскай фільматэцы. Мерапрыемства з удзелам стваральнікаў і прамоўтараў кінастужкі арганізаваў Сакратарыят па справах камунікацыі Апостальскай Сталіцы.

Увага ў фільме сканцэнтравана асаблівым чынам на XX ст., якое парадаксальным чынам з’яўляецца найбольш секулярызаваным і адначасова найбольш багатым на юбілеі, падкрэсліў гісторык Марка Ранкалі. Услед за Юбілеем 1900-га года паследавалі іншыя – ў 1925-м, потым Надзвычайны ў 1929-м, у 1950-м. Наступным стаў Юбілей на заканчэнне Другога Ватыканскага сабору ў 1964-м. За ім паследавалі аб’яўлены Паўлам VI Юбілей 1975-га года і Янам Паўлам II 1983-га і 2000-га гадоў. “Кожны Юбілей адлюстроўвае гістарычны перыяд, у які адбываўся, аднак той, што быў аб’яўлены папам Францішкам, стаў своеасаблівай зменай перспектывы. Мы ўсе былі запрошаны стаць інструментамі міласэрнасці, больш за гэта, было здзейснена намаганне перанесці саму сутнасць хрысціянства ў вымярэнне міласэрнасці”, - сказаў навуковец.

Прэфект Сакратарыяту па справах камунікацыі, кс. Дарыа Вігано падкрэсліў, што відэаапавяданне будуецца на трох узроўнях: гістарычнай рэканструкцыі, разгорнутых каментараў спецыялістаў і знаўцаў тэалогіі і гісторыі, якія дапамагаюць упісаць Юбілей у канкрэтны гістарычны кантэкст, а таксама на ўзроўні духоўнага ўспрыняцця, якое рэалізуецца праз выявы і вобразы, праз асоб, якія дзеляцца сваім вопытам перажывання гэтага надзвычайнага перыяду ў жыцці Каталіцкага Касцёла.

Дакументальны фільм быў створаны Ватыканскім тэлецэнтрам ў супрацоўніцтве з Майстэрняй камунікацыі і з страхавой кампаніяй “UnipolSai”, пры падтрымцы якой былі рэалізаваны шматлікія ініцыятывы ў рамках мінулагодняга Надзвычайнага Юбілею Міласэрнасці. Асобныя фрагменты стужкі ўжо дэманстраваліся падчас Венецыянскага кінафестываля ў 2016 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.