2017-06-30 13:15:00

Пантыфік пра важнасць культуры дыялогу для Лацінскай Амерыкі


Краінам Лацінскай Амерыкі важна ўсвядоміць уласны патэнцыял, аб’яднасць сілы і спрыяць культуры дыялогу, заўважыў Францішак 30 чэрвеня 2017 г. падчас аўдыенцыі для членаў Італа-лацінаамерыканскага інстытута. Гэта міжурадавая арганізацыя ўжо на працягу больш чым 50-гадоў cадзейнічае супрацоўніцтву ў сферы культуры, навукі і развіцця, паміж Італіяй і краінамі Лацінскай Амерыкі. 

У сваёй прамове Папа нагадаў пра тое, што краіны рэгіёна багатыя гісторыяй, культурай, прыроднымі рэсурсамі, добрымі і салідарнымі людзьмі. Усё гэта павінна быць належным чынам ацэнена і ўмацавана, асабліва ў кантэсце актуальнага эканамічнага і сацыяльнага крызісу, які ўдарыў па насельніцтве і прывёў да павелічэння беднасці, беспрацоўя, сацыяльнай няроўнасці, а таксама “эксплуатацыі і злоўжывання нашым супольным домам”, сказаў ён. 

Святы Айцец заклікаў членаў арганізацыі да каардынацыі сваіх сіл і супрацоўніцтва, у першую чаргу, перад абліччам міграцыйнай праблемы, якая дасягнула нябачнага раней узроўню. Ён нагадаў, што пакідаючы родныя дамы ў пошуку большай стабільнасці і працы многія людзі сустракаюца з парушэннем уласных правоў; шмат дзяцей і моладзі становіцца ахвярамі гандляроў людзьмі або падвяргаюцца эксплуатацыі, трапляюць у сеткі арганізаванай злачыннасці.

“Эміграцыя, гэта драма разлучэння: разлучаюцца сем’і, дзеці разлучаюцца з бацькамі, аддаляюцца ад зямлі паходжання, і нават самі ўрады і краіны раздзяляюцца перад абліччам гэтай рэальнасці. Патрэбна сумесная палітыка супрацоўніцтва, каб адказаць на гэты феномен. Гаворка не ідзе пра пошук вінаватых і ўхіленне ад адказнасці, але мы ўсе пакліканы працаваць скаардынавана і супольна”, - заклікаў Пантыфік.

Францішак адзначыў таксама важнасць спрыяння культуры дыялога і дыпламатыі, асабліва перад абліччам праблем у палітычнай, сацыяльнай і эканамічнай сферах, якія перажываюць некаторыя краіны, і дзе людзі пакутуюць ад карупцыі і кепскага размеркавання дабротаў. 

“Дыялог – неад’емны, але не “дыялог паміж глухімі”! Патрэбна ўспрымальная стаўленне, адкрытае на прапановы і гатовае раздзяляць памкненні. Гэта ўзаемны абмен даверам, з усведамленнем, што з іншага боку стаіць брат і працягвае руку, каб дапамагчы, які жадае дабра абодвум бакам і жадае ўмацаваць повязь братэрства і сяброўства, каб ісці наперад па шляхах справядлівасці і міру”, - сказаў Папа.

Італа-лацінаамерыканскі інстытут быў заснаваны ў 1966 г. у Рыме. На сённяшні дзень яго членамі з'яўляецца 21 краіна: Італія, Аргентына, Балівія, Бразілія, Венесуэла, Гаіці, Гандурас, Гватэмала, Дамініканская Рэспубліка, Калумбія, Коста-Рыка, Мексіка, Нікарагуа, Панама, Парагвай, Перу, Сальвадор, Чылі, Уругвай, Эквадор.








All the contents on this site are copyrighted ©.