2017-06-29 14:06:00

Францішак: не шукаць выпрабаванняў, але прымаць іх


Вызнанне веры, пераслед і малітва былі галоўнымі тэмамі гаміліі папы Францішка падчас Эўхарыстыі, якую ён цэлебраваў 29 чэрвеня 2017 г. у Ватыкане з нагоды ўрычыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла. У літургіі прынялі ўдзел пяць новых кардыналаў, якія дзень таму атрымалі з рук Пантыфіка сімвалы кардынальскай годнасці, а таксама 36 новых арцыбіскупаў-мітрапалітаў з розных частак свету. Святы Айцец благаславіў паліі, якія ім уручаць Апостальскія нунцыі у іх краінах.

У гаміліі Папа спаслаўся на вызнанне веры апостала Пятра, які адказаў на пытанне Езуса: “Кім людзі лічаць Сына Чалавечага?”, словамі: “Ты – Хрыстус, Сын Бога Жывога”. Святы Айцец адзначыў, што гэта пытанне сёння Езус ставіць кожнаму з нас, асабліва пастырам. Гэта жыццёвае пытанне, на якое трэба адказаць жыццём, заклікаў ён

Нагадваючы пра мучаніцтва св. Пятра, Папа падкрэсліў, што без крыжа не можа быць хрысціяніна. Хрысціянін павінен не толькі чыніць дабро, але і зносіць зло, нагадаў ён словы св. Аўгустына. Гэта значыць перамагаць яго разам з Езусам і ў імя Езуса, як рабіў апостал Павел, які зносіў выпрабаванні, прыніжэнні і пакуты, якіх не шукаў, але прымаў.

Пантыфік падкрэсліў, што жыццё апосталаў павінна быць напоўнена малітвай. Яна дапамагае адчуць любоў Бога да нас і дае магчымасць любіць. Малітва дапамагае крочыць наперад у хвіліны цемры і запальвае Божае святло. Акрамя таго, яна дапамагае зносіць выпрабаванні, заўважыў Папа.

Францішак пажадаў, каб святыя апосталы Пётр і Павел выпрасілі для вернікаў сэрца, падобнае на іх сэрца, абцяжаранае і суцішанае малітвай: абцяжаранае, таму што просіць, намагаецца і заступаецца, напоўненае мноствам асоб і сітуацый, якія трэба даверыць Богу, і адначасова суцішанае, бо Святы Дух прыносіць суцяшэнне і сілу, калі молімся”. “Як важна Касцёлу мець настаўнікаў малітвы, але перш за ўсё, быць людзьмі малітвы, якія жывуць малітвай”, - завяршыў гамілію папа Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.