2017-06-28 11:31:00

Францішак: хрысціянская надзея – сіла мучанікаў


Францішак працягнуў цыкл сваіх катэхез аб хрысціянскай надзеі. 28 чэрвеня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі Папа разважаў аб ёй у кантэксце подзвігу мучанікаў. Ён нагадаў, што пасылаючы вучняў на місію, Езус “не падманваў іх ілюзіяй лёгкага поспеху”, наадварот, выразна папярэджваў, што абвяшчэнне Божага Валадарства “заўсёды прадугледжвае супраціў”. Ён нават ужыў радыкальны выраз: “І ўсе будуць ненавідзець вас за імя Маё” (Мц 10,22). Хрысціяне любяць, але іх любяць не заўсёды. Ад самага пачатку Езус ставіць нас перад гэтай рэальнасцю: у большай ці меншай ступені, вызнанне веры адбываецца ў атмасферы варожасці”, - сказаў Францішак.

“Таму хрысціяне з’яўляюцца мужчынамі і жанчынамі, якія “ідуць супраць плыні”. Гэта нармальна, таму што свет адзначаны грахом, які праяўляецца ў розных формах эгаізму і несправядлівасці. А тыя, хто ідзе за Хрыстом ідуць у процілеглым кірунку. Не з-за палемічнага духа, але па прычыне вернасці логіцы Божага Валадарства, якая з’яўляецца логікай надзеі, і звязана з ладам жыцця, заснаванага на указаннях Езуса”, - удакладніў ён.

Першым “указаннем” з’яўляецца беднасць - заўважыў Пантыфік, - калі Езус пасылае вучняў з місіяй, здаецца, што Ён больш клапоціцца аб тым, каб былі пазбаўлены ўсяго, чым іх дабрабыце. “На самой справе, хрысціянін, які не з’яўляецца пакорным і бедным, непрывязаным да багаццяў і ўлады, і асабліва, непрывязаным да сябе, не прыпадабняеццаЕзусу. Хрысціянін праходзіць свой шлях у гэтым свеце з тым, што неабходна для пілігрымавання, але і з сэрцам, поўным любові. Сапраўдная параза для яго ці яе, гэта паддацца спакусе помсты і насілля, адказваючы злом на зло. Езус кажа нам: “Я пасылаю вас як авечак паміж ваўкоў” (Мц 10, 30). Гэта значыць без торбы, без кіпцюроў, без зброі. Хрысціянін павінен быць пільным, а і нават кемлівым: гэтыя цноты прымаюцца евангельскай логікай. Але ніколі не гвалтоўным. Каб перамагчы зло, нельга карыстацца метадамі зла”, - падкрэсліў Папа.

Францішак нагадаў, што адзіная сіла хрысціяніна – гэта Евангелле. “У цяжкія хвіліны трэба верыць, што Езус стаіць перад намі, і нястомна спадарожнічае сваім вучням. Пераслед не пярэчыць Евангеллю, а з’яўляецца яго часткай: калі пераследавалі нашага Настаўніка, як можам спадзявацца, што нас абміне гэта бітва?”, - спытаў Святы Айцец. 

Ён заклікаў хрысціян не губляць надзеі ў хвіліны выпрабаванняў і цяжкасцяў і памятаць словы Езуса:  “У вас жа і валасы на галаве палічаны”. “Гэта тое ж, што сказаць, што ніводнае цярпенне чалавека, нават нязначная і схаванае, не застанецца няўбачаным Богам. Бог бачыць і, канешне, бароніць; і падорыць сваё збаўленне”, - сказаў Папа. Таму хрысціяне павінны заўсёды знаходзіцца на “іншым баку” свету, на баку, які выбраў Бог: не ганіцеляў, а пераследаваных; не пыхлівых, а лагодных; не гандляроў дымам, а паслухмяных праўдзе; не падманшчыкаў, а сумленных, адзначыў ён.

“Гэту вернасць стылю Езуса – стылю надзеі – аж да смерці, першыя хрысціяне назавуць цудоўным імем: “мучаніцтва”, што значыць “сведчанне”. Былі шматлікія іншыя магчымасці, прапанаваныя слоўнікам: можна было назваць гэта гераізмам, самаадрачэннем, самаахвяраваннем. Але першыя хрысціяне назвалі яго імем, якое мае водар мучаніцтва. Мучанікі не жывуць для сябе, не вядуць барацьбу за прасоўванне ўласных ідэй, пагаджаюцца з тым, што павінны памерці толькі дзеля вернасці Евангеллю. Мучаніцтва нават не з’яўляецца найвышэйшым ідэалам хрысціянскага жыцця, бо над ім ёсць міласэрная любоў, гэта значыць любоў да Бога і бліжняга. Гэта цудоўна кажа апостал Павел у Гімне любові: “І калі раздам усю маёмасць сваю і аддам цела сваё на спаленне, а любові не маю, няма мне з гэтага ніякай карысці” (1Кар 13, 3). Хрысціянам праціўна ідэя, што тэрарысты-смяротнікі могуць называцца “мучанікамі”: у іх паводзінах няма нічога, што можа быць блізкім паводзінам дзяцей Божых”, сцвердзіў Папа.

Францішак заўважыў, што чытаючы гісторыі шматлікіх мучанікаў мінулага і сучаснасці, часта ўражвае сіла, з якой яны адказвалі на выпрабаванні. “Гэта сіла з’яўляецца знакам вялікай надзеі, якая іх натхняла: моцнай надзеі на тое, што нішто і ніхто не могуць адлучыць іх ад любові Божай, падараванай у Езусе Хрысце. Няхай Бог заўсёды дорыць нам сілу, каб быць Яго сведкамі. Няхай адорыць нас ласкай жыцця хрысціянскай надзеяй, асабліва ў схаваным мучаніцтве штодзёнага выканання ўласных абавязкаў, добра і з любоўю”, - завяршыў сваю катэхезу Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.