2017-06-24 15:11:00

Пантыфік адзначыў важнасць місіі водных відаў спорту


24 чэрвеня 2017 г. Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане прадстаўнікоў Італьянскай федэрацыі плавання і спартсменаў з нагоды правядзення ў гэты перыяд у Рыме міжнароднага спаборніцтва па плаванні “Кубак сямі пагоркаў”.

Маштабнае мерапрыемства, якое стартавала 23 чэрвеня 2017 г. ужо ў 54-ы раз, папа Францішак назваў “днямі радасці і энтузіязму”, бо спорт – гэта свята са сваім канкрэтным зместам, якое перадае каштоўнасці, усё больш неабходныя для грамадства, як нашае, “вадкага”, пазбаўленага трывалых арыенціраў. “Ваш спорт звязаны з вадой, але ён не вадкі, наадварот, вельмі грунтоўны, патрабуе пастаянных высілкаў і духоўнай моцы”, - звярнуўся Пантыфік да арганізатараў і ўдзельнікаў Кубка.

На думку Святога Айца, такога роду спаборніцтва можа стаць своеасаблівым унёскам у пашырэнне “культуры вады”: “вада – гэта жыццё, а казаць пра жыццё азначае размаўляць пра Бога, стварыцеля і крыніцу жыцця”. “Таксама і нашае хрысціянскае жыццё пачынаецца з пазначэння вадой, з хрышчэння”, - нагадаў Папа.

Вада, у якой вы спаборнічаеце, адсылае да разважання над цэлым шэрагам аспектаў: каштоўнасцю цела, пра якое трэба клапаціцца; над патрэбай у духоўным жыцці і пошуку сэнсу ва ўсім, што робім; над моцай і адвагай у супрацьстаянні цяжкасцям; над ясным бачаннем мэты свайго жыцця і сродкаў яе дасягнення; над каштоўнасцю праўдзівасці, якая азначае ўнутраную празрыстасць, яснасць і чысціню, сказаў Пантыфік.

Ён пажадаў спартсменам “праз цесны кантакт з вадой вучыцца непрыняццю ўсяго, што забруджвае, у спорце і ў жыцці”.








All the contents on this site are copyrighted ©.