2017-06-23 13:38:00

У Ватыкане ўручаць кардынальскія берэты і паліі


Менш, чым праз тыдзень – у сераду 28 і чацвер 29 чэрвеня – у Ватыкане пройдуць дзве важныя падзеі, якія ўзначаліць Папа: спачатку кансісторый, на якім ён уручыць сімвалы кардынальскай годнасці пяці іерархам, а на наступны дзень, урачыстасць, падчас якой благаславіць і перадасць паліі для арцыбіскупаў-мітрапалітаў, што занялі свае пасады ў перыяд з мінулагодняй урачыстасці cвятых Пятра і Паўла.

Падчас першай падзеі – чацвёртага ў бягучым пантыфікаце звычайнага публічнага кансісторыя – Францішак надзене пяці новым кардыналам пурпурныя берэты, уручыць ім кардынальскія пярсцёнкі і прысвоіць кожнаму з іх рымскія касцёл або дыяконію. Гаворка ідзе пра малійскага арцыбіскупа Бамака Жана Жэбро; іспанца, арцыбіскупа Барселоны Хуана Хасэ Амелья-і-Амелья; шведа, біскупа Стакгольма Андэрса Арбарэліуса; апостальскага візітатара ў Паксэ, лаосскага біскупа Луіса-Мары Лінга Мангханэкума; сальвадорца, дапаможнага біскупа архідыяцэзіі Сан-Сальвадор Хасэ Грыгорыа Роза Чавеса. 

На працягу чатырох кансісторыяў, уключаючы цяперашні, Францішак уключыў у Калегію кардыналаў 61 іерарха.

У наступны чацвер, 29 чэрвеня, раніцай Пантыфік распачне цырымонію благаслаўлення паліяў, якія затым перадасць новым арцыбіскупам-мітрапалітам. У той жа дзень, ва ўрачыстасць святых апосталаў Пятра і Паўла, Францішак будзе цэлебраваць Эўхарыстыю з новымі кардыналамі і арцыбіскупамі-мітрапалітамі.

Палій з’яўляецца сімвалам адзінства пастыраў мітраполій – касцёльных правінцый – з Папам. Пантыфікі блаславілі паліі і затым надзявалі іх іерархам падчас спецыяльнага абраду ў Рыме, які заўсёды адбываўся 29 чэрвеня – ва ўрачыстасць cвятых Пятра і Паўла. Але ў 2015 г. Францішак вырашыў, што з гэтага часу ў Ватыкане будзе праходзіць толькі благаслаўленне паліяў, а іх уручэнне даверыў Апостальскім нунцыям у краінах служэння іерархаў. З 2013 па 2016 гг. з рук цяперашняга Папы паліі атрымалі 130 арцыбіскупаў-мітрапалітаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.