2017-06-22 13:48:00

Папа пра выклікі, якія стаяць перад Усходнімі Касцёламі


Нават там, дзе няма магчымасці існавання касцёльных структур, Касцёл можа жыць у сваіх верніках, лічыць Францішак. 22 чэрвеня 2017 г. ён прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане ўдзельнікаў пленарнага пасяджэння Асамблеі ініцыятыў дапамогі Усходнім Касцёлам (ROACO) – аб’яднання, якое каардынуе фінансавую падтрымку душпастырскай, адукацыйнай і дабрачыннай дзейнасці каталіцкіх супольнасцяў, якія знаходзяцца ў кампетэнцыі Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. 

Папа нагадаў, што на працягу дзесяцігоддзяў Усходнія Касцёлы, як на Блізкім Усходзе, так і ва Усходняй Еўропе, падвяргаліся пераследу. Моцная эміграцыя аслабіла іх прысутнасць на тых тэрыторыях, дзе яны квітнелі цягам стагоддзяў. “Зараз, дзякуй Богу, некаторыя з іх вярнуліся да свабоды пасля пакутнага перыяду таталітарных рэжымаў, але іншыя, асабліва ў Сірыі, Іраку і Егіпце, бачаць боль сваіх дзяцей з прычыны няспыннай вайны і бессэнсоўнага насілля, што нясе фундаменталісцкі тэрарызм”, - сказаў Папа. 

Па словах Францішка, усе гэтыя падзеі даюць магчымасць для сустрэчы з крыжам Езуса – прычынай хваляванняў і пакут, і адначасова, крыніцай збаўлення. “Калі пілігрымуем без крыжа, калі будуем без крыжа і калі вызнаем Хрыста без крыжа, не з’яўляемся вучнямі Пана”, - нагадаў ён свае словы, прамоўленыя ў першай гаміліі пасля абрання на Пасад св. Пятра.

Спасылаючыся на тэму пленарнай сесіі “ROACO”, прысвечанай пачатковай фармацыі семінарыстаў і пастаяннай фармацыі святароў, Пантыфік звярнуў увагу на гераізм многіх з іх, а таксама на спакусу, з якой могуць сустракацца: пошук пэўнага сацыяльнага статуса, які прызнаецца за кансэкараванымі асобамі ў некаторых геаграфічных абшарах, ці выканання кіраўнічай функцыі, згодна з крытэрыямі чалавечага самасцвярджэння або паводле схем культуры і асяроддзя. 

Папа заклікаў біскупаў да “стылю евангельскай блізкасці” у адносінах да святароў, каб тыя, у сваю чаргу, маглі дзяліцца сваім адчуваннем Божай пяшчоты з даверанымі ім вернікамі, былі гатовыя стаць “апошнімі з апошніх”. “Такім чынам семінарыст і малады святар адчуе радасць быцця супрацоўнікам збаўлення, прынесенага Панам, Які пахіляецца як Добры Самаранін, каб выліць на параненыя сэрцы і чалавечыя гісторыі алей суцяшэння і віно евангельскай надзеі”, - сказаў ён.

Францішак нагадаў пра пераслед хрысціян на Блізкім Усходзе, іх эміграцыю і важнасць іх прыняцця на новых месцах, а таксама стварэння ўмоў для вызнавання імі сваёй веры, згодна з уласнай рэлігійнай традыцыяй. 








All the contents on this site are copyrighted ©.