2017-06-20 12:49:00

Францішак на сходзе Рымскай дыяцэзіі


У прорве спажывальніцтва будзе карысным, калі мы зробім месца для строгага і простага стылю жыцця, звярнуўся Святы Айцец да святароў Рымскай дыяцэзіі 19 чэрвеня 2017 г. у базыліцы св. Яна на Латэране, падчас сустрэчы ў рамках штогадовага дыяцэзіяльнага кангрэсу. Сёлетні форум прысвечаны тэме моладзі. Францішак з жалем казаў пра дарослых, уключаючы бацькоў, якія хочуць быць вечна маладымі, што стварае суперніцтва паміж пакаленнямі, як калі б ўсе былі ў аднолькавым узросце.

Папа казаў пра феномен “вадкага грамадства”, які характарызуецца амаль поўнай адмовай ад сваіх каранёў, і заклікаў маладых людзей шукаць кантакту і сувязяў са сваімі бабулямі і дзядулямі. Ён нагадаў, што перыяд ранняй маладосці з’яўляецца пераходным, калі чалавек ужо не дзіця, але яшчэ не дарослы. У той жа час, ён цвёрда падкрэсліў, што “сталенне, гэта не паталогія, ад якой трэба лячыць нашых дзяцей”.

“Маладыя людзі хочуць быць галоўнымі дзеючымі асобамі; яны гатовы ўдзельнічаць ва ўсім, што магло б “закружыць ім галаву”, што прымусіла б іх адчуваць сябе жывымі”, - сказаў Папа, і заклікаў: “Давайце ім у гэтым дапаможам, але не схаластычным чынам, а такім, якога яны чакаюць, што прывядзе іх да ўмацавання пачуцця ўласнай каштоўнасці”.

Францішак адзначыў неабходнасць дасягнення гармоніі між тым, што дыктуе сэрца, што падказвае розум, і што на самой справе адбываецца. Гэта ён назваў “сацыяльна-інтэграванай пісьменнасцю”. Такі гарманічны падыход, заўважыў ён, дапамагае ў фарміраванні асобы маладога чалавека.

Папа са спачуваннем казаў пра дарослых, якія паддаюцца культу маладосці, імкнучыся схаваць свой узрост. Па гэтай прычыне, сёння існуе не станоўчая “канфрантацыя” пакаленняў, а суперніцтва. “Сёння ніхто не хоча старэць”, - заўважыў Францішак, дадаўшы, што з жалем глядзіць на мужчын, якія фарбуюць валасы. Ён узгадаў вядомую італьянскую кінаактрысу перыяду неарэалізму, якая на прапанову пазбавіцца ад маршчын на твары з раздражненнем адказала, што не для таго працавала на іх усё жыццё, каб у старасці знішчыць.

Пантыфік заклікаў супрацьставіць сённяшняй “духоўнасці пражэрлівасці” хрысціянскую вынаходлівасць і творчы патэнцыял, камандную працу, салідарнасць і адкрытасць для іншых.

Перад прыездам у латэранскую базыліку, Францішак сустрэўся з групай бежанцаў, падапечных 38 рымскіх парафій і манаскіх супольнасцяў, якія адгукнуліся на яго заклік ад 6 верасня 2015 г. прыняць уцекачоў у сябе.








All the contents on this site are copyrighted ©.