2017-06-17 13:40:00

Францішак: Гельмут Коль – вялікі дзяржаўны дзеяч


Папа з хваляваннем прыняў навіну аб смерці былога Канцлера Германіі Гельмута Коля. Палітык адышоў у вечнасць пасля доўгай і цяжкой хваробы 16 чэрвеня 2017 г. у сваім родным горадзе Людвігсхафэн-ам-Райн. Святы Айцец выказаў спачуванні яго блізкім, кіраўніку нямецкага ўраду Ангеле Меркель, народу Германіі і ўсім, хто смуткуе па прычыне смерці “Канцлера адзінства”.

“Канцлер Коль – вялікі дзяржаўны дзеяч і перакананы еўрапеец – з дальназоркасцю і самаааданасцю працаваў дзеля дабра народу Германіі і сумежных еўрапейскіх краін. Няхай міласэрны Бог аддзякуе яму за нястомную працу дзеля адзінства Германіі і Еўрапейскага Саюза, а таксама за яго дзейнасць на карысць міру і згоды”, - напісаў Францішак у спачувальнай тэлеграме, скіраванай на імя Ангелы Меркель.

Гельмут Коль, з 1947 г. член Хрысціянска-Дэмакратычнага Саюза, займаў пасаду Канцлера ў 1982-1998 гг. У гэты перыяд адбылося аб’яднанне Германіі, падзеленай пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, паглыбілася еўрапейская інтэграцыя, умацавалася роля краіны на міжнароднай арэне.








All the contents on this site are copyrighted ©.