2017-06-17 12:50:00

Святы Пасад пра патрэбу ў антыкарупцыйнай ментальнасці


Барацьба карупцыяй – гэта ў першую чаргу пытанне цывілізаванасці, адзначаецца ў паведамленні Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, апублікаваным па выніках аднадзённага форума “Міжнародная дыскусія аб карупцыі”, які прайшоў 15 чэрвеня 2017. у Ватыкане.

У сустрэчы прынялі ўдзел каля 50 прадстаўнікоў антыкарупцыйный устаноў, высокія касцёльныя іерархі, прадстаўнікі судовых органаў, праваабарончых арганізацый, журналісты, навукоўцы і ахвяры злачыннай дзейнасці, звязанай з карупцыяй.

Паводле былога прадстаўніка Святога Пасаду пры структурах ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе, арцыбіскупа Сільвана Тамазі, карупцыя “нібы чарвяк, пранікае ў працэсы развіцця бедных і багатых краін, разбураючы стасункі паміж дзяржаўнымі ўстановамі і людзьмі”. “Высілкі, якія мы прадпрымаем, заключаюцца ў стварэнні ментальнасці, культуры барацьбы з карупцыяй на карысць супольнага дабра”, - прыводзяцца словы іерарха ў паведамленні.

Удзельнікі дыскусіі рыхтуюць тэкст, які стане кіраўніцтвам для далейшай працы і ініцыятыў у сферы барацьбы з карупцыяй. Пры гэтым падкрэсліваецца неабходнасць глыбокага вывучэння пытання, на ўзроўні міжнароднай супольнасці і вучэння Каталіцкага Касцёла, адносна магчымага адлучэння ад Касцёла за ўдзел у карупцыйнай і мафіёзнай дзейнасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.