2017-06-16 13:10:00

Пантыфік прыбудзе ў Калумбію з заклікам да прымірэння


Папу Францішка чакаюць у Калумбіі. Тут штодзённа гавораць пра візіт, які ён здзейсніць у верасні, адзначыў віцэ-старшыня Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. Прафесар Гузман Карыкіры распавёў журналістам некаторыя падрабязнасці, звязаныя з маючым адбыцца 6-11 верасня 2017 г. падарожжам Святога Айца ў гэту лацінаамерыканскую краіну.

Пасля амаль 50-гадовай вайны паміж калумбійскімі ўладамі і паўстанцамі левай арганізацыі “Рэвалюцыйныя ўзброеныя сілы Калумбіі” (FARC), тут распаўсюдзілася “культура насілля, якую цяжка выкараніць”. Таму галоўнымі словамі Папы будуць: міласэрнасць, прабачэнне, праўда і справядлівасць, прыводзіць словы эксперта італьянская “La Stampa”. 

Адным з пунктаў візіту Святога Айца стане ўдзел у “Сустрэчы паяднання”, на якой ахвяры канфлікту сустрэнуцца з некаторымі членамі “FARC”. Яна адбудзецца ў горадзе Вільявісенсіа – месцы правядзення мірных перамоваў паміж ўладамі і паўстанцамі, якое стане таксама сімвалам прымірэння, якое Пантыфік хоча прывесці з сабой. 

Паводле ўругвайскага навукоўцы, падчас свайго падарожжа у Калумбію – краіну, якая займае першае месца па вытворчасці какаіну ў свеце – Францішак будзе ўздымаць пытанне гандлю наркотыкамі. Гэта праблема тычыцца ўсёй Лацінскай Амерыкі, спрыяючы росту карупцыі, культуры насілля, палітычным і эканамічным цяжкасцям, заўважыў ён. 

Яшчэ адной часткай візіту Святога Айца ў Калумбію павінна стаць сустрэча з біскупамі лацінаамерыканскага рэгіёну. Плануецца, што Папа звернецца да членаў Рады епіскапатаў краін Лацінскай Амерыкі (Celam).








All the contents on this site are copyrighted ©.