2017-06-15 12:38:00

Францішак напісаў прадмову да кнігі пра карупцыю


Карупцыя – гэта найбольш уласцівы злачынным арганізацыям стыль адносінаў, смяротны працэс, які знішчае сумленні людзей, спрыяе незаконнасці і забівае тых, хто яе распаўсюджвае, адзначыў Францішак у прадмове да новай кнігі кардынала Пітэра Тарксана, прэфекта Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека. Прысвечанае карупцыі выданне з’явілася 15 чэрвеня 2017 г. на паліцах італьянскіх кнігарняў пад назвай “Corrosione” (Карозія).

Па словах Святога Айца, карупцыя з’яўляецца выразам неўпарадкаванага жыцця амаральнага чалавека. Адначасова, як наступства яго падзення, карупцыя ўяляе сабой “антысацыяльную з’яву”, настолькі моцную, што можа знішчаць адносіны і стаўпы, на якіх трымаецца грамадства: суіснаванне паміж людзьмі і пакліканне да яго развіцця. “Асабістая выгада”, як бы атрута, якая забруджвае ўсе агульныя перспектывы, падкрэсліў Папа.

Карупцыя стварае жыццядайнае асяроддзе для распаўсюджвання культуры смерці. Па яе прычыне ў некаторых частках планеты людзі амаль не могуць думаць пра будучыню. Гэта з’ява забівае надзею на магчымыя паляпшэнні, дадаў Папа.

Карумпаваны чалавек, па словах Францішка, распаўсюджвае “смярдзенне”, бо гніе яго сэрца, якое дала пачатак эксплуатацыі людзей, дэградацыі, сацыяльнай несправядлівасці, адсутнасці належных паслуг. Такое сапсутае сэрца знаходзіцца ля вытокаў рабства, недагледжанасці гарадоў, супольных дабротаў, занядбання навакольнага асяроддзя, лічыць Папа.

Ён заўважыў, што карумпаванасць можа прысутнічаць у Касцёле ў выглядзе прывязанасці да “марнай духоўнасці”, “астылай веры, крывадушнасці, трыумфалізму”. Амаральны чалавек, у адрозненні ад грэшніка, “забывае прасіць прабачэння”, бо стомлены, насычаны, абыякавы і задаволены сабой. 

На заканчэнне прадмовы Пантыфік заклікаў хрысціян і ўсіх людзей добрай волі да сумеснай дзейнасці супраць “гэтай формы блюзнерства, гэтага раку, які точыць наша жыццё”. Каб перамагчы карупцыю трэба злучыцца на падабенства сняжынак, каб утварыць сапраўдную “лавіну новага гуманізма”, лічыць Святы Айцец.








All the contents on this site are copyrighted ©.