2017-06-13 11:51:00

Францішак: быць соллю і святлом, славячы Бога жыццём


Быць святлом і соллю для іншых людзей, праслаўляючы Бога сваім жыццём, заклікаў папа Францішак 13 чэрвеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы Дома св. Марты. У літургіі прынялі ўдзел члены Рады кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам, пасяджэнне якой праходзіць у гэтыя дні ў Ватыкане.

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на тры словы з Другога паслання да Карынцянаў (2 Кар 1, 18-22): “так”, “соль” і “святло”. Яны дэманструюць сілу Евангелля, якая вядзе да сведчання і праслаўлення Бога. У “так” мы знаходзім “усе словы Божыя ў Езусе, усе абяцанні Божыя”. У Езусе "спаўняецца ўсё тое, што было абяцана і таму Ён з’яўляецца паўнатой", заўважыў Папа.

Паводле яго слоў, у Езусе няма “не”, а толькі “так”, дзеля хвалы Айца. Таксама і мы ўдзельнічаем у гэтым “так” Езуса, бо Ён намасціў нас, пазначыў нас пячаткай і пакінуў нам “задатак” Духа, які вядзе да нашага канчатковага “так” і дасягнення паўнаты. Дух дапамагае нам стаць святлом і соллю. Менавіта Ён вядзе да хрысціянскага сведчання, перакананы Францішак.

Святы Айцец заўважыў, што святло прызначана для таго, каб свяціць. Той жа, хто хавае яго здзейсняе антысведчанне, не будучы рашучым: мае святло, але не дорыць яго, не паказвае яго, не славіць Айца, які ёсць у Небе. Тое самае тычыцца і солі: асоба можа мець яе, але захоўваць выключна для сябе.

Хрысціяне ж пакліканы быць соллю і святлом для іншых: быць рашучымі, не сумнявацца ў Божых абяцаннях і даваць сведчанне. Менавіта гэта заданне Езус даверыў Касцёлу і ўсім ахрышчаным. “Вось што значыць быць хрысціянам: свяціць, дапамагаць, каб пасланне і людзі не сапсаваліся, як робіць соль. Але калі святло хаваецца і соль губляе смак, губляе сілу, сведчанне становіцца слабым”, - сказаў Папа і дадаў, што так адбываецца, калі вернікі не кажуць “так” Езусу Хрысту.

Францішак заклікаў вернікаў спытаць сябе, ці з’яўляюцца яны святлом і соллю для іншых людзей? Ці прывязаны да Езуса, які сам з’яўляецца “так” Бога? Ці адчуваюць сябе намашчанымі, пазначанымі Богам? Ці ўпэўнены ў Божых абяцаннях, якія споўняцца на Небе і задатак якіх атрымалі ў выглядзе Святога Духа?

Па словах Папа, калі хрысціянін праслаўляе Бога сваім жыццём яго ззянне становіцца большым на сонечнае. “Гэта адлюстраванне Айца ў Езусе, у якім усе абяцанні споўніліся. Гэта адлюстраванне намашчэння Духа, якое мы ўсе маем”, - сказаў ён і заклікаў маліцца аб укараннёнасці ў паўнаце абяцанняў Божых і несці яе іншым людзям праз святло і соль сведчання, каб праславіць Айца, які ёсць у Небе.








All the contents on this site are copyrighted ©.