2017-06-13 10:52:00

Папа: сведчыць аб жыцці і спрыяць культуры праўды і любові


Вызнаўцы Хрыста, разам з усімі людзьмі добрай волі, пакліканы сведчыць аб жыцці і спрыяць культуры праўды і любові, нагадаў папа Францішак у пасланні з нагоды Дня абароны жыцця, які 18 чэрвеня 2017 г. будзе адзначацца ў Англіі, Уэльсе і Шатландыі. Святы Айцец прывітаў усіх арганізатараў і ўдзельнікаў гэтай падзеі, запэўніх іх у сваёй малітве і ўдзяліў сваё благаслаўленне.

Сёлетняе святкаванне Дня абароны жыцця ў Англіі, Уэльсе і Шатландыі супадае з 50-годдзем прыняцця закону аб легалізацыі абортаў у гэтых краінах. Ён увайшоў у сілу ў кастрычніку 1967 г. Паводле мясцовых біскупаў, гэта дата з’яўляецца нагодай для малітвы і памяці пра загінулых да нараджэння, а таксама аказання практычнай і маральнай падтрымкі жанчынам і мужчынам, якія ўсхваляваны нечаканай цяжарнасцю.

Звяртаючыся да асобаў, якія здзейснілі аборт, біскупы нагадалі словы папы Францішка з Апостальскага ліста “Misericordia et misera”: “Не існуе такога граху, якога Божая міласэрнасць не можа дасягнуць і знішчыць, калі знаходзіць сэрца, якое каецца і просіць аб прымірэнні з Нябесным Айцом”. 

Дзень абароны жыцця пакліканы нагадаць аб значэнні каштоўнасці чалавечага жыцця на ўсіх яго этапах. З яго нагоды ў Англіі, Уэльсе і Шатландыі адбудзецца збор ахвяраванняў, якія будуць накіраваны на падтрымку дзейнасці “pro-life” арганізацый.








All the contents on this site are copyrighted ©.