2017-06-12 10:27:00

Папскія дарадчыкі сабраліся на нараду ў Ватыкане


Рада кардыналаў па дапамозе Святому Айцу ў кіраванні Касцёлам сабралася на сваё чарговае, ужо дваццатае пасяджэнне. Яно будзе праходзіць з 12 па 14 чэрвеня 2017 г. у Ватыкане. Кожны дзень прадугледжаны дзве працоўныя сесіі: у першай і другой палове дня. Францішак будзе прымаць удзел ва ўсіх пасяджэннях, за выключэннем таго, якое адбудзецца ў першай палове дня 14 чэрвеня, у сувязі з агульнай аўдыенцыяй на плошчы св. Пятра.

Папярэдняя сустрэча бліжэйшых дарадчыкаў Пантыфіка праходзіла 24-26 красавіка 2017 г.. Падчас яе кардыналы, галоўным чынам, абмяркоўвалі кіруючыя прынцыпы адбору і падрыхтоўкі супрацоўнікаў Апостальскай Сталіцы, свецкіх і духавенства, а таксама займаліся канчатковым вызначэненем кампетэнцый ватыканскіх дыкатэрый. У цэнтры ўвагі кансультацыйнага органу былі адносіны паміж біскупскімі канферэнцыямі і Рымскай курыяй, і іншыя пытанні. 

Рада кардыналаў была заснавана папам Францішкам 28 верасня 2013 г. Першапачаткова яна складалася з васьмі кардыналаў з розных краін і рэгіёнаў, але неўзабаве Папа далучыў да групы кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна. Рада з’яўляецца кансультатыўным органам пры Пантыфіку і створана, у першую чаргу, з мэтай рэфармавання Рымскай курыі. Яе заснаванне стала адказам на адно з патрабаванняў кардыналаў, агучаных на агульных кангрэгацыях перад канклавам у сакавіку 2013 г..

У склад Рады ўваходзяць: кардынал Радрыгес Марадзьяга з Гандурасу – яе каардынатар, італьянскі кардынал Джузэпэ Бэртэла, кардынал Франсіска Хаўер Эрасурыс Оса з Чылі, кардынал Освальд Грасіяс з Індыі, кардынал Рэйнхард Маркс з Германіі, кардынал Ларан Монсэнгва Пасінья, які прадстаўляе Дэмакратычную Рэспубліку Конга, кардынал Шон О’Мэлі з ЗША, аўстралійскі кардынал Джордж Пэл і італьянскі кардынал Пьетра Паралін – Дзяржсакратар Яго Святасці Папы. Акрамя таго, у працах Рады прымае ўдзел сакратар, які не ўваходзіць у яе склад, італьянец, біскуп Марчэла Сэмерара.








All the contents on this site are copyrighted ©.