2017-06-12 12:05:00

Пантыфік: суцяшэнне – гэта Божы дар і служэнне іншым


Суцяшэнне – гэта Божы дар і служэнне іншым, падкрэсліў Францішак 12 чэрвеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне з Другога паслання святога апостала Паўла да Карынцянаў (2 Кар 1,1-7), галоўнай тэмай якога з’яўляецца суцяшэнне.

У першую чаргу Пантыфік падкрэсліў, што суцяшэнне, гэта “духоўны досвед”, таму патрэбны хтосьці іншы, каб яно было поўным. Суцяшэнне не можа быць “аўтаномным”: ніхто не можа даць яго сябе самому, бо гэта будзе падобна на любаванне ў люстэрка, на спробу стварэння пэўнага вобразу сябе. Такое самасуцяшэнне не спрыяе развіццю асобы, лічыць Папа.

На старонках Евангелля ёсць мноства прыкладаў людзей, якія суцяшалі сябе самі. Францішак нагадаў пра настаўнікаў закону, якія былі “напоўнены ўласнай самадастатковасцю”; пра багацея, які шукаў суцяшэння ў балаванні; пра фарысея, якія маліўся кажучы: “Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі” (Лк 18,11). Усе яны ніколі не дасягнулі паўнаты, а толькі высакамернасці, сказаў Папа.

Па яго словах, сапраўднае суцяшэнне з’яўляецца дарам, які паходзіць ад Бога і сталее, калі ператвараецца ў служэнне: гэта значыць прыносіцца іншым людзям. Пантыфік падкрэсліў, што для атрымання суцяшэння асоба павінна прызнаць сябе патрабуючай яго. “Толькі тады Пан прыходзіць, суцяшае нас і дае нам місію суцяшэння іншых. Але нялёгка мець сэрца, адкрытае на прыняцце гэтага дару і служэнне...”, - заўважыў Папа.

Для гэта, паводле яго слоў, трэба мець адкрытае, шчаслівае сэрца. Евангельскае апавяданне пра благаслаўленні (Мц 5, 1-12) кажа пра тых, хто яго мае. Гэта ўбогія духам, засмучаныя, лагодныя, прагнучыя справядлівасці, міласэрныя, чыстыя сэрцам, міратворцы, тыя, каго пераследуюць за любоў і справядлівасць. 

Закрытыя ж сэрцы маюць тыя, якія адчуваюць сябе “багатымі духам”, “самадастатковымі”, “хто адчувае сябе справядлівым”, хто не мае міласэрнасці, не мае патрэбы ў тым, каб прабачаць іншых людзей, бо сам не адчувае патрэбы ў прабачэнні, хто мае “бруднае сэрца”, хто распальвае войны, каго не крытыкуюць і не пераследуюць, бо не турбуецца па прычыне несправядлівасці ў адносінах да іншых людзей. Такія людзі не могуць атрымаць дару суцяшэння і несці яго іншым.

Напрыканцы сваёй гаміліі Папа заклікаў вернікаў паразважаць аб стане ўласнага сэрца: ці адкрытае яно, ці здольнае прасіць аб дары суцяшэнння, каб затым несці яго іншым людзям у якасці Божага дару.








All the contents on this site are copyrighted ©.