2017-06-10 15:43:00

Папа: міграцыйнае пытанне патрабуе дыялогу і супрацоўніцтва


Адказваць на крык аб дапамозе мігрантаў праз дыялог і сумесныя намаганні заклікаў Францішак у пасланні да ўдзельнікаў XXXIII Пленарнай асамблеі Лацінаамерыканскага Парламента, якая распачала сваю працу 9 чэрвеня 2017 г. у Панаме. Форум прысвечаны пытанням міграцыі ў краінах Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.

У сваім звароце Святы Айцец адзначыў важнасць разумення прычын міграцыі. Для гэтага трэба “наладзіць кантакт з людзьмі”, бо “за кожным мігрантам стаіць чалавек з уласнай гісторыяй, культурай і ідэаламі”, заўважыў Папа і падкрэсліў, што павярхоўны аналіз сітуацыі будзе спараджаць павярхоўныя меры.  

Іншай парадай Францішка стаў дыялог. Паводле яго слоў, “нельга працаваць ізалявана”. Дасягненне згоды паміж бакамі – гэта штодзённая, скрупулёзная і амаль незаўважная праца, аднак жыццёва неабходная для дасягнення згоды. Дыялог спрыяе салідарнасці з пазбаўленымі фундаментальных правоў і ўмацоўвае гатоўнасць да прыняцця тых людзей, якія ўцякаюць ад трагічных і нечалавечых сітуацый.

Папа перакананы, што эфектыўны адказ на міграцыйнае пытанне патрабуе намаганняў усіх бакоў. Краіны Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна павінны распрацаваць доўгатэрміновы план дзеянняў, які б замест часовых рашэнняў тэрміновых праблем прапаноўваў структурнае бачанне будучыні рэгіёна, з улікам інтэграцыі мігрантаў у прымаючыя краіны і дапамогі развіццю краін, з якіх яны паходзяць. 

Лацінаамерыканскі парламент з’яўляецца рэгіянальнай і пастаяннай арганізацыяй. Яго рашэнні носяць дарадчы характар. “Парлаціна” быў заснаваны ў 1964 г. з штаб-кватэрай у Панаме. На сённяшні дзень у яго ўваходзіць 23 краіны Лацінскай Амерыкі і Карыбскага басейна.








All the contents on this site are copyrighted ©.