2017-06-10 13:05:00

Пантыфік прызначыў новага віцэ-дэкана Калегіі кардыналаў


Святы Айцец прыняў просьбу 94-гадовага кардынала Ражэ Эчэгарая аб вызваленні ад абавязкаў віцэ-дэкана Калегіі кардыналаў і зацвердзіў, выбранага на гэту пасаду кардыналамі-біскупамі, 83-гадовага кардынала Джавані Батыста Рэ, паведаміла 10 чэрвеня 2017 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы.

Новы віцэ-дэкан Калегіі кардыналаў нарадзіўся 30 студзеня 1934 г. у Борна, на поўначы Італіі. Святарскае пасвячэнне атрымаў у 1957 г. Вучыўся ў Папскім грыгарыянскім універсітэце і Папскай касцёльнай акадэміі. Знаходзіўся на дыпламатычнай службе Апостальскай Сталіцы. 

З 1971 г. працаваў у ватыканскім Дзяржсакратарыяце. У 1987 г. быў прызначаны сакратаром Кангрэгацыі па справах Біскупаў і атрымаў біскупскую сакру. Адначасова з’яўляўся сакратаром Калегіі кардыналаў. У перыяд паміж 1989 па 2000 гг. арцыбіскуп Рэ быў субстытутам Дзяржсакратара па агульных пытаннях.

16 верасня 2000 г. прызначаны прэфектам Кангрэгацыі па справах Біскупаў і старшынёй Папскай камісіі па справах Лацінскай Амерыкі. У наступным годзе атрымаў кардынальскую годнасць. З 1 кастрычніка 2002 г. належыць да ліку кардыналаў-біскупаў. Быў адным з бліжэйшых супрацоўнікаў Яна Паўла ІІ.

У 2010 кардынал Джавані Батыста Рэ сышоў у адстаўку. У якасці іерарха найвышэйшага рангу сярод кардыналаў-выбаршчыкаў кіраваў правядзеннем канклава ў 2013 г., падчас якога на Пасад св. Пятра быў выбраны Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.