2017-06-09 12:49:00

Святы Айцец: у цяжкія хвіліны патрэбна малітва і надзея


У самыя кепскія, складаныя і балючыя хвіліны, перад абліччам абразаў і нападаў, трэба выбіраць шлях малітвы, цярплівасці і надзеі на Бога, адзначыў папа Францішак 9 чэрвеня 2017 г., падчас ранішняй Эўхарыстыі ў ватыканскім Доме св. Марты. У гаміліі ён спаслаўся на літургічнае чытанне аб аздараўленні Тобія ад слепаты і сустрэчу з яго нявесткай Сарай (Тоб 11, 5-17).

Пантыфік заўважыў, што дзве гэтыя асобы перажылі цяжкія перыяды ў сваім жыцці: першы страціў зрок, а дзяўчына не магла выйсці замуж, таму што злы дух забіваў усіх яе жаніхоў, пакуль яна не была вызвалена ад гэтага няшчасця Тобіем, сынам Тобія.

Па словах Францішка, гэта апавяданне паказвае, як Бог дзейнічае ў гісторыі чалавека. І Тобій, і Сара перажывалі ў сваім жыцці як цудоўныя моманты, так і цяжкія. Тобій спазнаў пераслед і кпіны. Нават жонка яго абражала, хоць не была злой жанчынай і клапацілася пра дом, у той час пакуль ён быў сляпы. Сару ж абвінавачвалі ў смерці жаніхоў. У такія хвіліны абодва думалі, што было б лепшым памерці. 

Прапаведнік заўважыў, што кожны чалавек праходзіць праз моманты цемры, пакутаў і цяжкасцяў. У такой сітуацыі Сара думала: “Калі накладу на сябе рукі, прычыню боль маім бацькам”, спынялася і малілася. Таксама і Тобій не трапляў у роспач і працягваў маліцца. “Менавіта такое стаўленне ратуе нас у кепскія хвіліны: малітва. Яшчэ патрэбна надзея: гэтыя двое былі вельмі цярплівымі ў сваіх пакутах, мелі надзею на тое, што Бог выслухае і дапаможа ім перажыць цяжкасці”, - сказаў Папа.

Францішак падкрэсліў, што ў гісторыі Тобія былі таксама і цудоўныя моманты, хоць гаворка не ідзе пра “happy end” звычайнай аповесці. “Пасля выпрабаванняў, Пан наблізіўся да іх і збавіў. Яны, у сваю чаргу, напоўніліся сапраўднай радасцю і пачалі маліцца, узносячы падзяку да Бога.

Пантыфік заклікаў вернікаў паразважаць над тым, ці здольныя яны распазнаваць, што адбываецца ў іх душы ў розныя перыяды: ці здольныя прымаць цяжкія хвіліны як крыж, разумеючы, што трэба маліцца, быць цярплівымі, не губляць надзею і не паддавацца марнасці, памятаючы, што Бог заўсёды побач, дзякаваць Яму за радасць, якую Ён дарыць.








All the contents on this site are copyrighted ©.