2017-06-08 11:24:00

Ідзе падрыхтоўка да Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса


У Будапешце ўжо пачалі рыхтавацца да правядзення Міжнароднага эўхарыстычнага кангрэса. Ён пройдзе ў сталіцы Венгрыі восенню 2020 г. На днях тут прэзентавалі лагатып форуму, у цэнтры якога эўхарыстычная сімволіка – келіх і гостыя з крыжам – з якіх выплываюць патокі жывой вады, са спасылкай на воды Дунаю. Натхненнем для лагатыпу стаў дэвіз міжнароднай сустрэчы: “Усе мае крыніцы ў Табе” (Пс 87,7). 

“Дунай злучае многія краіны Еўропы. Гэта сімвал таго, што менавіта Эўхарыстыя з’яўляецца агульнай крыніцай, якая яднае хрысціян”, - патлумачыў аўтар лагатыпу, мастак Янас Ламперт.

Венгрыя аднойчы ў гісторыі ўжо прымала Міжнародны эўхарыстычны кангрэс. У 1938 г. на ім прысутнічаў, у якасці папскага легата, кардынал Эудженіа Марыя Джузэпэ Джавані Пачэлі – пазнейшы папа Пій XII. 

Падчас прэзентацыі асноўных падзей форуму, арцыбіскуп Будапешту, кардынал Пэтэр Эрдо ўручыў спецыяльныя суправаджальныя лісты 320 місіянерам, на якіх на працягу трох гадоў да правядзення Кангрэсу будзе ўскладзена адмысловае евангелізацыйнае заданне – данесці мэты і пасланне форуму да парафій, дыяцэзій, супольнасцяў, школ і ўніверсітэтаў. Іерарх прызнаўся, што як вынік Эўхарыстычнага кангрэсу, ён хацеў бы пабачыць усе каталіцкія асяродкі больш жывымі, свядомымі, актыўнымі і аб’яднанымі.

Самы першы Міжнародны эўхарыстычны кангрэс адбыўся ў французскім горадзе Ліль у 1881 г. Апошні форум прайшоў у студзені 2016 г. у філіпінскім Себу.








All the contents on this site are copyrighted ©.