2017-06-06 12:21:00

Пантыфік: крывадушнасць робіць так шмат шкоды ў Касцёле


“Крывадушнасць не з’яўляецца мовай Езуса” і не павінна быць мовай хрысціяніна, “крывадушнік здольны забіць супольнасць”, гэтыя думкі агучыў папа Францішак 6 чэрвеня 2017 г. падчас ранішняй св. Імшы ў Ватыкане. Ён падкрэсліў, што хрысціянскай мовай павінна быць праўда, і перасцярог ад спакус крывадушнасці і ліслівасці.

Францішак нагадаў, што менавіта слова “крывадушнікі” Хрыстус шматразова выкарыстоўваў у адносінах да настаўнікаў закона, яны паказвалі адно, а думалі іншае. Крывадушнасць заўсёды звязана з ліслівасцю, з імкненнем падлізацца. Гэта перабольшванне таго, што ёсць у рэальнасці, каб выклікаць у іншым чалавеку самалюбства.

Езус паказвае нам рэальнасць, якая з’яўляецца супрацьлегласцю крывадушнасці. Паколькі праўдзівая толькі рэальнасць, ўсё астатняе або крывадушнасць, або ідэалогія, заўважыў Святы Айцец і нагадаў гісторыю, калі Езусу прынеслі дынар, каб яго выпрабаваць. “Аддайце цэзарава цэзару, а Божае – Богу”, - адказаў тады Ён. 

Мова крывадушнасці з’яўляецца мовай падману, яна пачынаецца з ліслівасці, затым нішчыць асобу, імкнецца завалодаць душой, забівае супольнасць. “Калі ў супольнасці ёсць крывадушнікі, - папярэдзіў Папа - там існуе вялікая небяспека”. Крывадушнасць робіць так шмат шкоды ў Касцёле, бо крывадушнік – гэта заўсёды знішчальнік. 

Францішак заклікаў прасіць у Бога ласку, не патрапіць у пастку крывадушнасці, казаць праўду, а калі гэта немагчыма, проста маўчаць.








All the contents on this site are copyrighted ©.