2017-06-05 16:07:00

Папа аб патрэбе “новай беднасці” ў манаскім жыцці


Паглыбляць харызмат, каб з новай сілай уключыцца ў евангелізацыю, з улікам пастырскіх патрэбаў і практыкуючы “новую беднасць”, заклікаў Папа членаў манаскіх Інстытутаў Місіянераў і Місіянерак Маці Божай Суцяшальніцы. Францішак сустрэўся з імі 5 чэрвеня 2017 г. у Ватыкане. Ён падзякаваў кансэкраваным асобам за працу на карысць бедных у многіх частках Афрыкі і Лацінскай Амерыкі.

Для выканання місіі законнікі і законніцы павінны жыць у камуніі з Богам з больш і больш свядомым успрыманнем міласэрнасці. Значна больш важна зразумець, наколькі Бог любіць нас, чым тое, наколькі мы любім яго, лічыць Папа. З гэтай перспектывы кансэкраванае жыццё можа стаць прагрэсіўным адкрыццём цудоўнай міласэрнасці, наследаваннем Хрыстовых цнотаў, абнаўленнем, якое зыходзіць ад фактычнага кантакту з Езусам. Гэта дазволіць прысутнічаць на новых арэапагах евангелізацыі, нават калі гэта цягне за сабой ахвяры.

Пантыфік заклікаў місіянераў і місіянерак прытрымлівацца прыкладу свайго благаслаўлёнага заснавальніка, кс. Джузэпэ Аламана. Сёння патрэбны сапраўдны місійны стыль служэння, які ўключае ў сябе, між іншым, адчувальнасць да інкультурацыі Евангелля, а таксама выбар простых і бедных форм прысутнасці сярод людзей. Асаблівай увагі, на думку Папы, заслугоўваюць: дыялог з ісламам, садзейнічанне годнасці жанчын, пашырэнне сямейных каштоўнасцяў, увага да праблем справядлівасці і міру.

Францішак пажадаў членам Інстытутаў Місіянераў і Місіянерак Маці Божай Суцяшальніцы плённай працы генеральных капітулаў, якія адбываюцца ў гэтыя дні.








All the contents on this site are copyrighted ©.