2017-06-04 13:20:00

Папа: Святы Дух стварае і разнастайнасць, і адзінства


Святы Дух стварае і разнастайнасць, і адзінства, тым самым фарміруючы новы народ, разнастайны і паяднаны, які завецца Паўсюдным Касцёлам, адзначыў Пантыфік 4 чэрвеня 2017 г. на плошчы св. Пятра, падчас св. Імшы ва ўрачыстасць Спаслання Святога Духа. Гэта павінна быць рэальнае адзінства, паводле Бога, якое азначае не аднастайнасць, але адзінства ў разнастайнасці. 

Прапаведнік адзначыў, што неабходна вызваліцца ад двух спакус. Па-першае, імкнення да разнастайнасці без адзінства, калі католік аддае перавагу прыналежнасці да таго ці іншага кола больш, чым да Касцёла. Тады ён становіцца “фанам” гэтай часткі, замест таго, каб быць братам ці сястрой у тым жа Духу; становіцца хрысціянінам больш “правым або левым”, чым Езусавым, больш захавальнікам мінулага або авангардзістам будучага, чым сціплым і ўдзячным дзіцём Касцёла. Папа адзначыў, што другой, супрацьлеглай спакусай з’яўляецца пошук адзінства без разнастайнасці, калі яно становіцца ў рэшце рэшт аднастайнасцю, дзе адсутнічае свабода.

Святы Айцец заклікаў вернікаў маліцца за адзінства Касцёла, незалежна ад асабістых поглядаў, каб ліквідаваць атрутнае пляткарства, якое прыносіць разлад і зайздрасць. Ён таксама запрасіў да малітвы аб разуменні Касцёла як Маці, як дома для кожнага: адкрытага і гасціннага, дзе ўсе падзяляюць шматгранную радасць Святога Духа.

Францішак заўважыў, што дарам Святога Духа з’яўляецца прабачэнне, так неабходнае кожнаму. “Прабачэнне вызваляе сэрца і дазваляе пачаць нанова: прабачэнне дае надзею, без яго не можна будаваць Касцёла”, - падкрэсліў ён. 

Сваю гамілію Святы Айцец завяршыў малітвай да Святога Духа: “Дух Божы, Пане, Ты ў маім сэрцы і ў сэрцы Касцёла, Ты вядзеш наперад Касцёл, фарміруючы яго ў разнастайнасці, прыйдзі. Мы маем патрэбу ў Табе, як у вадзе, каб жыць: сыдзі на нас зноў і навучы нас адзінству, абнаві нашыя сэрцы і навучы нас любіць, як Ты любіш нас, дараваць, як Ты даруеш нам. Амэн”.








All the contents on this site are copyrighted ©.