2017-06-03 12:52:00

Папа ўзначаліць малітву з удзелам 30 тысяч вернікаў


Увечары 3 чэрвеня 2017 г., напярэдадні ўрачыстасці Спаслання Духа Святога, папа Францішак узначаліць малітоўнае чуванне на пляцоўцы “Circo Massimo” у Рыме. Гэта падзея стане цэнтральнай часткай чатырохдзённай праграмы святкавання 50-гадовага юбілею міжнароднага Каталіцкага харызматычнага руху, які Папа трапна акрэсліў як “плынь Божай ласкі”.

Форум збярэ на сумесную малітву з Пантыфікам больш за 30 тыс. вернікаў са 130 краін. Сярод удзельнікаў – 600 святароў і 50 біскупаў. Арганізацыяй мерапрыемства займаецца сам Рух-юбіляр у супрацоўніцтве з харызматычнай асацыяцыяй “Каталіцкае брацтва”. Па словах старшыні Міжнароднай службы каталіцкага харызматычнаага абнаўлення, якая каардынуе дзейнасць Каталіцкага харызматычнага руху, Мікеля Марана, для многіх гэта падзея стане нагодай для першай у іх жыцці замежнай паездкі. У дні “залатога юбілею” Рым будзе насычаны малітоўнымі і евангелізацыйнымі ініцыятывамі – св. Імшы, канцэрты, канферэнцыі і сведчанні будуць праходзіць у папскіх базыліках, мясцовых парафіях і нават на гарадскіх пляцоўках.

Ён падкрэсліў, што малітоўнае чуванне з Пантыфікам будзе мець не толькі міжнародны, але і інклюзіўны характар, да чаго заўсёды заклікае Францішак. “Адзін сектар будзе зарэзерваваны для бяздомных, якія звычайна шукаюць прытулку побач з Ватыканам і пра якіх клапоццяцца ўдзельнікі харызматычных груп”, - расказаў старшыня Міжнароднай службы. 

Праграма малітоўнага чування распачнецца 3 чэрвеня 2017 г. у 16.00. Напрацягу двух гадзін будуць адбывацца малітвы праслаўлення, сведчанні вернікаў і разважанні на тэму сустрэчы. На 18.00 запланаваны прыезд на форум Святога Айца.

Падчас малітвы будзе прачытаны фрагмент з Евангелля паводле св. Яна (17,21-23). Каментар да ўрыўка зробіць прапаведнік Папскага дому, айцец Раньера Канталамеса. Пасля гэтага да ўдзельнікаў чування зверніцца з прамовай сам Францішак, а затым будзе прачытана сумесная малітва аб прабачэнні грахоў. У якасці другога чытання абраны ўрывак з Дзеяў Апосталаў (1,4-5), пасля якога будзе прамоўлена малітва аб хросце ў Святым Духу. Яна стане завяршальным момантам сумеснага чування з Папам.

Каталіцкае харызматычнае абнаўленне або Каталіцкі харызматычны рух быў заснаваны ў 1967 г. у ЗША па ініцыятыве невялікай групы студэнтаў і з часам шырока распаўсюдзіўся і атрымаў міжнародны характар. Гэта агульная назва розных харызматычных супольнасцяў, арганізацый і груп і ў адрозненне ад іншых каталіцкіх рухаў ён не мае адзінага цэнтра. У якасці яго каардынатараў выступаюць, зацверджаныя Святым Пасадам, Каталіцкае брацтва супольнасцяў і таварыстваў харызматычнага саюза і Міжнародная служба каталіцкага харызматычнага абнаўлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.