2017-06-02 11:31:00

Папа: каталіцкі харызматычны рух важны для экуменізму


Папа назваў Каталіцкае харызматычнае абнаўленне каштоўнай прыладай Святога Духа для ўмацавання экуменізму. Аб гэты ён напісаў у пасланні да ўдзельнікаў святкавання 50-годдзя гэтага руху, якое праходзіць зараз у Рыме. Кульмінацыяй юбілею стане экуменічнае малітоўнае чуванне з удзелам Папы. Яно адбудзецца ў вігілію ўрачыстасці Спаслання Святога Духа – 3 чэрвеня 2017 г. – на тэрыторыі старажытнай рымскай арэны “Circo Massimo”. 

Чакаецца, што ў чуванні прыме ўдзел каля 30 тыс. чалавек, сярод якіх будуць не толькі католікі, але і прадстаўнікі евангелічных і пяцідзесятніцкіх супольнасцяў з амаль 130 краін свету. 

Францішак заклікаў удзельнікаў каталіцкага харызматычнага руху заставацца вернымі закліку Хрыста да адзінства, дзеля пераканаўчасці хрысціянскага сведчання ў свеце. “Кожная справа Святога Духа вядзе да адзінства ў адметнасцях”, - падкрэсліў Святы Айцец. “Вы з’яўляецеся каштоўнай прыладай Святога Духа, каб крочыць разам з іншымі братамі хрысціянамі, будучы злучанымі ў малітве і працы на карысць патрабуючых, “па шляху да супольнага эўхарыстычнага стала”, - нагадаў ён.

У праграме юбілею харызматычнага руху: шматлікія сустрэчы, сімпозіумы, супольныя малітвы ў розных базыліках Рыма. 4 чэрвеня ўдзельнікі святкавання збяруцца на галоўнай ватыканскай плошчы, каб прыняць удзел у Эўхарыстыі, якую, з нагоды ўрачыстасці Спаслання Святога Духа, узначаліць папа Францішак.

Каталіцкае харызматычнае абнаўленне або Каталіцкі харызматычны рух – гэта агульная назва розных харызматычных супольнасцяў, арганізацый і груп. У адрозненне ад іншых каталіцкіх рухаў, узгаданы вышэй не мае адзінага цэнтра.  У свой час Папская рада па справах свецкіх, у якасці каардынуючых органаў гэтага руху, зацвердзіла Каталіцкае брацтва супольнасцяў і таварыстваў харызматычнага саюза (англ. The Catholic Fraternity Of Charismatic Covenant Communities And Fellowship) – 30 лістапада 1990 г. А затым – 14 верасня 1993 г., – Міжнародную службу каталіцкага харызматычнаага абнаўлення (англ. International Catholic Charismatic Renewal Services). Лічыцца, што Каталіцкі харызматычны рух нарадзіўся ў 1967 г. у ЗША. Сёння ён аб’ядноўвае каля 160 млн. католікаў у 230 краінах свету.








All the contents on this site are copyrighted ©.