2017-06-02 12:13:00

Ватыкан: “малітоўная салідарнасць” з мусульманамі


Папская рада па міжрэлігійным дыялогу звярнулася да мусульман свету з пасланнем, у якім выказала “малітоўную салідарнасць” з нагоды Рамадану і свята “Ід аль-Фітр”. Яно было апублікавана ў Ватыкане 2 чэрвеня 2017 г. Дыкастэрыя ад імя Касцёла пажадала вызнаўцам ісламу спакою, радасці і багатых духоўных дароў.

Аўтары заўважылі, што сёлета спаўняецца 50 гадоў першаму такога роду пасланню – яно ўбачыла свет 19 мая 1964 г. Яны звярнулі ўвагу на два асабліва важныя за гэты перыяд звароты, якія былі падпісаны асабіста Пантыфікамі – у 1991 г. – Янам Паўлам II, і ў 2013 г. – Францішкам. Паўвекавы досвед пацвердзіў каштоўнасць пасланняў “для садзейнічання цёплым адносінам паміж хрысціянскімі і мусульманскімі суседзямі і сябрамі, прапаноўваючы ідэі па бягучых і актуальных пытаннях”.

Сёлета Папская рада прапанавала для разважання думкі, агучаныя Францішкам у яго энцыкліцы “Laudato Si’”, што, між іншым, звяртае ўвагу на шкоду, якую чалавек можа нанесці навакольнаму асяроддзю, сабе і бліжнім. Ёсць некаторыя філасофскія, рэлігійныя і культурныя перспектывы, якія ствараюць перашкоды і ставяць пад пагрозу адносіны чалавецтва з прыродай. Гэта выклік для ўсіх, незалежна ад рэлігійных перакананняў. Канешне, “ніводзін чалавек, нацыя ці народ не могуць навязаць выключна сваё разуменне нашай планеты”. Вось чаму Францішак заклікае да “новага дыялогу” наконт будучыні Зямлі. Ён сцвярджае, што экалагічны крызіс, гэта таксама заклік да “глабальнага экалагічнага навяртання”, для якога патрэбна духоўная адкрытасць. Пакліканне, быць захавальнікамі Божага стварэння, належыць і да хрысціян, і да мусульман. 

У пасланні гучыць пажаданне міру і дабра вызнаўцам ісламу на іх шляху паста, малітвы і добрых спраў.








All the contents on this site are copyrighted ©.