2017-06-01 15:18:00

Пантыфік прыняў харвацкага лідэра Босніі і Герцагавіны


Францішак прыняў на аўдыенцыі ў Ватыкане 1 чэрвеня 2017 г. Драгана Човіча, харвацкага члена Прэзідыума Босніі і Герцагавіны – структуры, якая з’яўляецца калектыўным вышэйшым органам выканаўчай улады ў гэтай краіне. Затым палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. 

У ходзе сардэчных перамоў было выказана задавальненне добрымі двухбаковымі адносінамі, умацаванымі Базавым Пагадненнем ад 2006 г. Была абмеркавана сітуацыя ў краіне, выклікі, якія стаяць перад Босніяй і Герцагавінай, і яе імкненне да членства ў Еўрапейскім Саюзе. Бакі абмяняліся поглядамі па тэмах, што ўяўляюць агульны інтарэс: пытанні міру, паяднання, міжрэлігійнага дыялогу і прысутнасці каталіцкай супольнасці ў краіне. Закраналіся таксама міжнародныя і рэгіянальныя пытанні. Аб гэтым паведаміла Зала Друку Святога Пасаду.

Францішак наведваў Боснію і Герцагавіну летам 2015 г. у рамках свайго аднадзённага падарожжа ў Сараева. Ён асаблівым чынам адзначаў прыклад супрацоўніцтва і мірнага суіснавання паміж прадстаўнікамі розных народаў і рэлігій, які гэта балканская краіна дае свету на працягу апошніх гадоў. Каталіцкая меншасць у Босніі і Герцагавіне складае каля 15% насельніцтва і прадстаўлена ў асноўным харвацкім насельніцтвам.








All the contents on this site are copyrighted ©.