2017-06-01 12:02:00

Ватыкан занепакоены антыэкалагічнымі поглядамі Трампа


Калі Дональд Трамп фактычна дэнансуе амерыканскую падтрымку Парыжскага пагаднення па кліматычных зменах, гэта будзе сур’ёзным жэстам у бок Святога Пасаду. Такога пункту гледжання прытрымліваецца канцлер Папскай акадэміі навук, аргентынскі біскуп Марсэла Санчэс Саронда. Іерарх, у інтэрв’ю італьянскаму выданню “La Repubblica”, нагадаў, што амерыканскі лідэр размаўляў на тэму пагадненняў як з Францішкам, так і кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам.

“Я не магу сказаць, пра што Трамп гутарыў з Папам. Не думаю, што былі ўзняты ўсе дэталі пытання кліматычных змен. Я ведаю, аднак, што амерыканскі прэзідэнт казаў пра гэта на наступнай сустрэчы, якая праходзіла з кардыналам Пьетра Паралінам, ватыканскім Дзяржсакратаром. У гэтым сэнсе, калі на самой справе ён зробіць тое, аб чым гаворыцца, для нас гэта будзе вялікі ўдар”, - сказаў біскуп Саронда. Ён падазрае, што за рашэннем Трампа стаіць нафтавае лобі.

Канцлер Папскай акадэміі навук пагаджаецца з Ангелай Меркель, што пазіцыя Прэзідэнта ЗША можа не толькі прывесці да катастрофы, але і навукова неадпаведнае. “Непрызнанне таго, што не варта абапірацца на вугаль і нафту, гэта тое ж, што сцвяржаць, што зямля не круглая”, - заключыў ватыканскі іерарх.

Ён лічыць, што частка адказнасці за гэту сітуацыю прыходзіцца на папярэдніка Трампа. Барак Абама прасоўваў свае рашэнні па клімаце ў выглядзе прэзідэнцкіх указаў, пакідаючы свайму пераемніку магчымасць змяніць іх. “Сёння Трамп можа ў адзін дзень змяніць карты на стале за кошт многіх, і на карысць нафтавага лобі, таму што ранейшыя рашэнні не былі прынятыя дакладным і трывалым чынам”, - лічыць канцлер Папскай акадэміі навук.








All the contents on this site are copyrighted ©.