2017-05-30 14:40:00

Папа: сапраўдны пастыр не ставіць сябе ў цэнтр гісторыі


Сапраўдны пастыр здольны расставацца са сваім статкам, бо добра ведае, што не знаходзіцца ў цэнтры гісторыі і з’яўляецца свабодным чалавекам, які служыць бескампрамісна і не завалодвае аўчарняй, падкрэсліў Францішак 30 мая 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. У гаміліі Святы Айцец спаслаўся на літургічнае чытанне з Дзеяў Апосталаў (Дз 20,17-27), у якім гаворка ідзе пра развітанне апостала Паўла з заснаванай ім хрысціянскай супольнасцю ў Эфесе.

Па словах Францішка, усе пастыры павінны быць гатовымі да развітання з давераным ім статкам. “Прыходзіць такі час, калі Пан кажа нам: ідзі ў іншае месца або прыйдзі да Мяне. Гэта адзін з тых крокаў, якія пастыр павінен здзейсніць і да якога павінен рыхтавацца, каб развітацца па-сапраўднаму, а не напалову”, - сказаў Папа. На яго думку, калі пастыр не можа расстацца з статкам, значыць паміж імі існуе нядобрая сувязь, “не ачышчаная праз крыж Езуса”.

Святы Айцец звярнуў увагу на тры рысы апостала Паўла. У першую чаргу, ён ніколі не ўхіляўся ад абвяшчэння ўсёй Божай волі. Пры развітанні, пастыра напаўняе вялікім спакоем усведамленне таго, што ён ніколі не быў “пастырам кампрамісаў”, што не кіраваў Касцёлам ідучы на кампрамісы. Для гэтага патрэбна адвага, заўважыў Пантыфік.

Іншай рысай Апостала Народаў ён назваў паслухмянасць Святому Духу. Падчас развітання з старэйшынамі Касцёла ў Эфесе, св. Павел сцвердзіў, што ідзе ў Ерузалем, “прымушаны Духам”, не ведаючы, што яго там сустрэне. Ён быў перакананы, што Бог падрыхтаваў для яго іншае служэнне: быў сапраўдным пастырам, які знаходзіцца на шляху, з’яўляецца пілігрымам, падкрэсліў Папа.

Гаворачы пра апошнюю рысу св. Паўла, Пантыфік спаслаўся на яго словы: “маё жыцце для мяне не вартае нічога”. Апостал лічыў сябе не “цэнтрам гісторыі”, а слугой, падкрэсліў Папа.

“З гэтым цудоўным прыкладам памолімся за нашых пастыраў, за пробашчаў, біскупаў, Папу, каб іх жыццё было жыццём без кампрамісаў, жыццём на шляху, жыццём, у якім яны не лічаць сябе цэнтрам гісторыі, каб такім чынам навучыліся расставацца з даверанымі ім асобамі. Памолімся за нашых пастыраў!”, - завяршыў сваю гамілію Францішак.








All the contents on this site are copyrighted ©.