2017-05-29 15:04:00

Пантыфік прыняў прэм’ер-міністра Канады


Святы Айцец Францішак прыняў на аўдыенцыі 29 мая 2017 г. прэм’ер-міністра Канады Джасціна Трудо. Затым палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў арцыбіскуп Пол Рычард Галахер, сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі. 

Падчас сардэчных размоў падкрэсліваліся добрыя двухбаковыя адносіны паміж Апостальскай Сталіцай і Канадай, а таксама ўклад Каталіцкага Касцёла ў сацыяльнае жыццё краіны. Гаворка ішла на тэмы, звязаныя з інтэграцыяй і прымірэннем, рэлігійнай свабодай і актуальнымі этычнымі праблематыкамі.

У святле вынікаў нядаўняга пасяджэння краін “Вялікай сямёркі”, закраналіся таксама пытанні міжнароднага характару, з асаблівай увагай да сітуацыі на Блізкім Усходзе і на іншых канфліктных тэрыторыях, паведамілі ў Зале Друку Святога Пасаду.

Папа падарыў канадскаму прэм’еру памятны медаль чацвёртага году сваго пантыфікату і асобнікі некаторых сваіх дакументаў: энцыклікі “Laudato si’”, адгартацый: “Evangelii Gaudium” і “Amoris Laetitia”, а таксама сёлетняга паслання на Сусветны дзень міру, які падпісаў спецыяльна для палітыка.

У сваю чаргу Джасцін Трудо ўручыў Пантыфіку шасцітомны зборнік справаздачаў, якія езуіцкія місіянеры ў Канадзе высылалі ў генеральную курыю свайго Ордэна, і некаторыя старонкі, складзенага езуітамі, слоўніка моваў карэнных народаў Канады.

Апостальская Сталіца і Канада падтрымліваюць дыпламатычныя адносіны з 1969 г. Падчас перапісу 2001 г., католікамі сябе назвалі 43,6% жыхароў гэтай краіны. Першым і адзіным Папам, які наведаў Канаду быў св. Ян Павел ІІ. Ён здзейсніў гэта тройчы: у 1984 г., 1987 г. і ў 2002 г., з нагоды Сусветных дзён моладзі. Джасцін Трудо сустракаўся з Янам Паўлам ІІ ў дзяцінстве, падчас візіту ў Ватыкан свайго бацькі, Пьера Трудо, прэм’ер-міністра Канады з 1968 па 1984 гг..








All the contents on this site are copyrighted ©.