2017-05-28 13:18:00

Святы Айцец: пакліканне Касцёла – абвяшчаць Евангелле


Касцёл існуе таму, каб абвяшчаць Евангелле, адзначыў папа Францішак 28 мая 2017 г. перад марыйнай малітвай “Regina Caeli” на плошчы св. Пятра ў Ватыкане.“Сёння, у Італіі і ў іншых краінах, адзначаецца Унебаўшэсце Пана, якое адбылося сорак дзён пасля свята Пасхі. Евангельскае чытанне (Мц 28,16-20), якое заканчывае Евангелле паводле Мацвея, указвае нам момант канчатковага развітання Уваскрослага са сваімі вучнямі. Падзея праходзіць у Галілеі, месцы дзе Езус паклікаў іх, каб ішлі за Ім і каб яны сфармавалі першую ячэйку новай супольнасці. Зараз гэтыя вучні прайшлі праз “агонь” мукі і ўвасркасення.  Перад абліччам уваскрослага Пана яны пакланіліся Яму, аднак некаторыя з іх надалей сумняваліся. Гэтай напалоханай супольнасці Езус пакінуў вялікае заданне евангелізацыі свету і ўдакладняе гэтае заданне з наказам навучаць і хрысціць у імя Айца, Сына і Святога Духа (Мц 28,19).

Унебаўшэсце Пана з’яўляецца канцом місіі, якую Сын атрымаў ад Айца і пачаткам працягу яе Касцёлам. З гэтага моманту прысутнасць Хрыста ў свеце працягваецца за пасрэдніцтвам Яго вучняў, якія вераць у Яго і Яго абвяшчаюць. Гэтая місія будзе працягвацца да канца свету і кожны дзень будзе карыстацца з дапамогі уваскрослага Пана, які запэўніў: “Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку” (Мц 28,20).

Прысутнасць Пана дае сілу падчас пераследаванняў, суцяшэнне ў няшчасці і падтрымку ў цяжкіх сітуацыях, якія сустракаюць місія і прапаведванне Евангелля. Унебаўшэсце Пана нагадвае нам аб гэтай дапамозе Езуса і Яго Святога Духа, які дае ўпэўненасць і бяспеку нашаму хрысціянскаму сведчанню ў свеце. Гэта ўказвае чаму існуе Касцёл: ён існуе, каб абвяшчаць Евангелле. І радасцю Касцёла з’яўляецца абвяшчэнне Евангелля. Таму ўсе мы, ахрышчаныя, з’яўляемся Касцёлам. Сёння мы пакліканы лепш зразумець тое, што Бог абдарыў нас вялікай годнасцю і адказнасцю абвяшчаць Яго ўсяму свету, зрабіць Яго даступным для чалавецтва. Гэта наша годнасць, гэта вялікі гонар для Касцёла!

У гэтае свята Унебаўшэсця Пана, калі мы звяртаем наш зрок на неба, куды Хрыстос узнёсся і сядзіць па правай руцэ Айца, умацоўвае нашыя крокі на гэтай зямлі, каб з энтузіязмам і з адвагай працягваць нашу пілігрымку, нашу місію сведчання і жыцця Евангеллем ў кожным асяроддзі. Аднак мы добра разумеем, што гэта не залежыць ад нашых сілаў, арганізацыйных здольнасцяў і чалавечых рэсурсаў. Толькі з дапамогай святла і сілы Святога Духа мы здолеем паспяхова выконваць нашу місію, каб указваць яе іншым і дазволіць ім зазнаць усё больш любові і пяшчоты Езуса.

Папросім Панну Марыю, каб дапамагала нам сузіраць нябесныя даброты, якія Пан нам абяцае, і каб мы станавіліся ўсё больш надзейнымі сведкамі Яго ўвасрасення і сапраўднага жыцця”, - завяршыў Пантыфік.

Пасля марыйнай малітвы і апостальскага благаслаўлення, Святы Айцец прывітаў пілігрымаў з Італіі і з усяго свету, якія сабраліся на плошчы св. Пятра.

Ян Мойсік








All the contents on this site are copyrighted ©.