2017-05-26 14:49:00

Пантыфік да законніц пра галоўныя рысы місіянера


Місіянер абавязаны быць адважным і творчым чалавекам, не шукаць зручнасці і не практыкаваць прынцыпу: “заўсёды так было”, нагадаў Папа 26 мая 2017 г., сустракаючыся з удзельніцамі генеральнага капітула манаскай кангрэгацыі Малых Сясцёр Місіянерак Любові.

Мы жывем у той час, калі трэба пераасэнсаваць усё ў святле Святога Духа. Патрэбны падыход Добрага Пастыра, позірк, які не асуджае, але углядаецца ў прысутнасць Пана ў гісторыі, глыбокі позірк веры, паважлівы і поўны спагады, лічыць Францішак.

Місіянер, звярнуў увагу ён, таксама абавязаны быць чалавекам свабодным, які жыве без нічога свайго. Пошук зручнасці, лянота і марнасць перашкаджаюць місіі абвяшчэння Хрыста свету. Місіянер – чалавек вольны ад усіх цяжараў і ланцугоў; чалавек, які жыве ў пастаянным працэсе асабістага навяртання і нястомна працуе для душпастырскага пераўтварэння.

Місіянер павінен быць паслухмяным Святому Духу, каб ісці за Ім у самыя нечаканыя месцы для абвяшчэння Евангелля; мець духоўнасць, заснаваную на Хрысте, Слове Божым, літургіі. Гэта будзе “цэласная” духоўнасць, у якой задзейнічана ўся асоба ў яе розных аспектах.

Францішак заклікаў законніц быць “прарокамі міласэрнасці”, што выключае абыякавасць у любой яе форме, тым больш, што харызмат кангрэгацыі – служэнне бедным.








All the contents on this site are copyrighted ©.